Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры. Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву.
Уладзімір Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 годза ў Оршы Віцебскай вобласці ў сям’і бухгалтара.
У 1938 годзе паступіў у СШ № 3 г. Оршы і да вайны скончыў тры класы.
У 1941-1944 гг. вайна застала ў Маскве, куды ён прыехаў у госці да сястры, якая там вучылася.
Быў спачатку ў Маскве, потым трапіў у эвакуацыю ў Разанскую вобласць. Пасля на Урал у Молатаўскую (Пермскую) вобласць. Рабіў спробы ўцячы на фронт. Выпадкова даведаўся, што бацькі ў Арэнбургу. У Арэнбургу скончыў шосты клас.
У 1944 годзе пасля вызвалення роднага горада пераехаў у Оршу і паступіў у сёмы клас сярэдняй школы, якую скончыў у 1949 годзе.
У 1949 годзе паступіў на філалагічны факультэт рускага аддзела Кіеўскага дзяржаўнага універсітэта імя Т.Р. Шаўчэнкі

З 29 ліпеня 1951 года и з 31 ліпеня 1953 года праходзіў вайсковыя дваццацідзённыя зборы.
У чэрвені 1952 года наведаў разам з сябрам-аршанцам, студэнтам Беларускага політэхнічнага інстытута В. Краўцом Вязынку, дзе нарадзіўся Янка Купала. Пасля паездкі даслаў нарыс «Вязынка» і суправаджальны ліст жонцы Янкі Купалы – Уладзіславе Францаўне.
У чэрвені 1954 года абараніў дыпломную работу на тэму «Казка. Легенда. Паданне».
У верасні 1954 года здаваў уступныя экзамены ў завочную аспірантуру па спецыяльнасці «Руская літаратура» ў Кіеўскі дзяржаўны універсітэт імя Т.Р. Шаўчэнкі.

У 1954-1956 гг. працаваў настаўнікам СШ у вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці.
З 28 сакавіка па 11 траўня 1955 года здаў экзамены кандыдацкага мінімуму (дыялектычны і гістарычны матэрыялізм, нямецкая мова, гісторыя рускай літаратуры, спецкурс па гісторыі рускай літаратуры).
Да 17 ліпеня 1955 года па запрашэнні Віцебскага інстытута удасканалення настаўнікаў працаваў на летніх курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў-філолагаў і прачытаў курс лекцый па рускай, савецкай (32 гадзіны) і беларускай (36 гадзін) літаратурах. Курсы праводзіліся ў Оршы. У водгуку, падпісаным загадчыкам курсаў, членам метадычнага савета Віцебскага інстытута ўдасканалення настаўнікаў М. Садавым, адзначалася, што лекцыі У. Караткевіча былі цікавымі і змястоўнымі.
З 15 па 23 верасня 1955 года быў удзельнікам рэспубліканскай нарады маладых пісьменнікаў у Мінску, дзе былі высока ацэнены яго вершы. Удзельнікі нарады сфатаграфаваліся з Якубам Коласам.
У 1956-1958 гадах працаваў настаўнікам 8-й сярэдняй школы ў Оршы.
20 красавіка 1957 года браў удзел у рэспубліканскім семінары маладых паэтаў.
26 красавіка 1957 года прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. Рэкамендацыі далі М. Лужанін, А. Вялюгін, А. Бялевіч. На пасяджэнні праўлення СП БССР ад 26 красавіка з характарыстыкай творчасці У. Караткевіча выступілі А. Бялевіч і А. Вялюгін.


6 лістапада 1957 года прысуджана заахвочвальная прэмія за п’есу «Млын на Сініх Вірах» на рэспубліканскім конкурсе на лепшую п’есу, опернае і балетнае лібрэта, прысвечаным 40-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі.
У 1958-1960 годах вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве.

У 1962 годзе вучыўся на сцэнарных курсах і ў Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве (цяпер Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя С. А. Герасімава) і стаў прафесійным пісьменнікам.

У 1966 годзе быў дэлегатам V з’езда пісьменнікаў Беларусі з правам вырашальнага голасу.
У 1967 годзе быў у Белдзяржфілармоніі на сустрэчы з экстрасенсам В. Месінгам.

У 1976 годзе пачаў працаваць на Беларускім тэлебачанні, дзе ён вёў праграму «Спадчына», прысвечаную гісторыі і культуры беларускай зямлі.




25 лістапада 1980 года за заслугі ў галіне савецкай літаратуры і ў сувязі з 50-годдзем з дня нараджэння Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР узнагародзіў У. Караткевіча ордэнам Дружбы народаў.
8 лютага 1983 года прысуджана літаратурная прэмія імя Івана Мележа за раман «Нельга забыць».
25 ліпеня 1984 года пасля цяжкай і працяглай хваробы памёр выдатны беларускі паэт, празаік, драматург і публіцыст, чалец праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч.
У снежані 1984 года прысуджаная пасмяротна Дзяржаўная прэмія Беларускай ССР імя Якуба Коласа за раман «Чорны замак Альшанскі».
Узнагароды
Ордэн Дружбы Народаў (1980).
Прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа (1983) – за раман «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да зямлі»).
Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа (1984 – пасмяротна) – за раман «Чорны замак Альшанскі».
Ушанаванне памяці
Памятная дошка ў Мінску, вул. Карла Маркса, 36.

Пра Караткевіча створана дакументальная стужка «Быў. Ёсць. Буду» (1989), відэафільмы «Успамін» і «Рыцар і слуга Беларусі» (абодва – 1991).
Графіці на жылым доме ў Рагачове.
Імя Караткевіча носіць бібліятэка № 14 у Віцебску, бібліятэка-філія № 6 у Наваполацку, дзіцячая бібліятэка ў Оршы.
У Оршы (вул. Леніна, 26) існуе музей пісьменніка, адкрыты ў 2000 годзе. Экспазіцыя складаецца з дзвюх зал; адна прысвечана біяграфіі пісьменніка, другая – творчасці. Экспазіцыя ўключае ў сябе абстаноўку пасляваеннага дома на вуліцы Касманаўтаў у Оршы, з мэбляй пісьменніка і яго рэчамі. Таксама тут узноўлены фрагмент кабінета мінскай кватэры Караткевіча.

Матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменніка экспануюцца ў Рагачоўскім музеі народнай славы, Віцебскім краязнаўчым музеі.
У Віцебску ўсталяваны помнік у 1994 годзе (скульптар І. Казак, архітэктар В. Рыбакоў).

Помнік у Оршы адкрыты 27 чэрвеня 1992 года да 925-годдзя Оршы. Першапачаткова помнік размяшчаўся на месцы згарэлага ў вайну дома, у які сям’я Караткевіча засялілася ў 1939 годзе, але пазней помнік быў перанесены ў цэнтральны парк Оршы.

14 красавіка 2011 года быў усталяваны помнік Караткевічу ў Кіеве. Аўтарамі скульптуры сталі беларусы Кастусь Селіханаў і Алег Варвашэня, архітэктар – Аляксандр Корбут.

На дамах у Оршы, дзе Караткевіч жыў у канцы 1950-х гадоў, і ў Мінску, дзе была яго кватэра, усталяваныя памятныя дошкі. Памятная дошка ўсталяваная на будынку школы № 8 у Оршы, у якой Караткевіч працаваў у 1956-1958 гадах.

Імя Караткевіча носіць Фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Імем Уладзіміра Караткевіча названыя вуліцы ў Астраўцы, Віцебску, Гродне, Рагачове, Століне, Оршы.

У 2020 годзе выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» завяршыла работу над персанальнай энцыклапедыяй «Уладзімір Караткевіч». У ёй змешчаны артыкулы, якія тычацца жыцця і творчасці У. Караткевіча, людзей, якія мелі стасункі з пісьменнікам, даследавалі і даследуюць яго літаратурную дзейнасць, а таксама тых, для каго асоба і творчасць класіка сталі крыніцай натхнення. Падрабязна разглядаюцца і мастацкія сродкі, якія выкарыстоўваў пісьменнік пры напісанні сваіх твораў.
Творчая біяграфія
Першыя вершы апублікаваны ў 1951 годзе ў аршанскай раённай газеце. У 1955 у часопісе «Полымя» быў надрукаваны яго верш «Машэка». Амаль адначасова з’явіўся нарыс «Вязынка» ў кнізе «Янка Купала. Зборнік матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта». Гэтыя ўражанні ад паездкі на радзіму народнага песняра Караткевіч лічыў сваім сапраўдным дэбютам.
Як паэт раскрыўся арыгінальна і непаўторна зборнікамі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986).
Шырокае прызнанне як на Беларусі, так і далёка за яе межамі прынесла Уладзіміру Караткевічу яго проза. У 1957 годзе ён напісаў аповесць «У снягах драмае вясна», а у 1958 з’явілася яго гісторыка-дэтэктыўная аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» – адзін з самых вядомых твораў пісьменніка.
У «Баладзе пра Вячка, князя простых людзей» (1957) пісьменнік звярнуўся да вобраза князя Вячкі, які ў першай палове XIII ст. змагаўся супраць нямецкіх рыцараў.
У 1958 годзе ён напісаў сатырычна-гумарыстычную аповесць «Цыганскі кароль», пры напісанні якой быў выкарыстаны факт існавання на Гарадзеншчыне ў канцы XVIII ст. цыганскага «каралеўства».
Своеасаблівасць пісьменніцкага лёсу Уладзіміра Караткевіча перш за ўсё ў тым, што ён увёў у беларускую прозу жанр гістарычнай аповесці і гістарычнага рамана.
Уладзімір Караткевіч прафесійна вывучаў гісторыю паўстання 1863–1864 гадоў. Гэта паслужыла асновай для апавяданняў «Паляшук», «Сіняя-сіняя», рамана «Каласы пад сярпом тваім» (1965), драмы «Кастусь Каліноўскі» (1965), і іншых паэтычных твораў і публіцыстычных артыкулаў.
Асабліва важным творам, пабудаваным на матэрыяле паўстання 1863 года, стаў раман «Каласы пад сярпом тваім» (1962-1964).
Тэма абуджэння беларускага народа ў 1880-х гадах была раскрытая Караткевічам у апавяданні «Кніганошы» (1962), у якім паказаны бессмяротны дух народа, імкненне простага люду да праўды і асветы.
Раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць» 1962).
Глыбокімі разважаннямі над сэнсам жыцця і лёсам роднай зямлі насычана аповесць «Ладдзя Роспачы» (1964; выдадзена па-беларуску ў 1978).
Сярод твораў гістарычнага плана пісьменніка вылучаецца і раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966, паводле рамана створаны аднайменны фільм на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1967).
Раман «Чорны замак Альшанскі» (1979, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа, 1984) таксама з’яўляецца адным з найпапулярнейшых твораў пісьменніка, дзе цесна перапляліся гісторыя і сучаснасць.
Дзя дзяцей выдаў «Казкі» (1975) і нарыс «Белавежская пушча» (1975).
Плённа працаваў і як драматург, публіцыст і літаратурны крытык. Аўтар п’ес «Млын на Сініх Вірах» (1957), «Кастусь Каліноўскі» (1980), «Маці ўрагану» (1985); нарыса «Зямля пад белымі крыламі» (1977) і інш.
У гісторыка-дэтэктыўнай аповесці «Дзікае палявання караля Стаха» пісьменнік адлюстраваў падзеі 1880-х гадоў у адным з глухіх куткоў Беларусі. У гэтай аповесці аўтар імкнуўся паказаць грамадства таго часу, з яго нацыянальнымі, культурнымі і гістарычнымі асаблівасцямі, з яго патрыятычнымі ідэямі. Аўтарам асуджаецца здрада радзімы, нацыянальнае і сацыяльнае зло. Выкарыстаныя прыёмы дэтэктыўнага жанру і ў напісаным пазней сацыяльна-псіхалагічным і філасофскім рамане «Чорны замак Альшанскі» (1979), у якім Караткевіч разважае пра сувязь часоў. У рамантычнай аповесці «Сівая легенда» (1960) праз карціны сялянскага паўстання на Магілёўшчыне ў першай палове XVII ст. аўтар асэнсоўвае лёс Айчыны.
Як паэт Караткевіч дэбютаваў у 1951 годзе – апублікаваў у аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» два вершы: «Тут будет канал» (на рускай мове) і «Якубу Коласу» (на беларускай мове).
Караткевіч таксама напісаў шэраг п’ес, эсэ, артыкулаў, кінасцэнарыяў. Трагедыя і веліч нацыянальнай гісторыі ім асэнсаваныя ў п’есах «Кастусь Каліноўскі» (1963), «Званы Віцебска» (1974), «Калыска чатырох чараўніц» (1982), «Маці ветру» (1985).
У 1972 годзе пісьменнік напісаў аповесць «Лісце каштанаў» (апублікавана ў 1973), якая стала адной з самых аўтабіяграфічных сярод яго твораў.
У пачатку творчага шляху Караткевіч звярнуўся да беларускай гісторыі і фальклору, пра што сведчаць яго творы «Казкі і легенды маёй Радзімы», «Лебядзіны скіт», казка «Вужыная каралева». Фантазія пісьменніка раскрываецца ў казцы «Надзвычайная котка», якую ён пазней дапрацаваў і назваў «Чортаў скарб».
Шэраг арыгінальных казак ім былі створаны ў 1970-я – пачатку 1980-х гадоў:
«Верабей, сава і птушыны суд», «Кацёл з каменьчыкамі», «Нямоглы бацька», «Стары бацька».
Вобразы прыроды раскрытыя ім у рамане «Каласы пад сярпом тваім», аповесці «Чазенія», нарысах «Званы ў прадоннях азёр», «Абдуванчык на кромцы вады». Як пісьменнік-анімаліст паказаў сябе ў апавяданні «Былі ў мяне мядзведзі».
Уладзімірам Караткевічам былі перакладзены на беларускую мову творы Гая Валерыя Катула, Джорджа Байрана, Адама Міцкевіча, Івана Франко, Махтумкулі, Мустая Карыма, Элеаноры Гашпаравай.
Уладзімір Караткевіч пісаў пра гісторыю свайго народа, пра яго мастацтва, культуру, духоўнае жыццё. Ён выступаў у абарону беларускай мовы і культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. Ён аказаў вялікі ўплыў на грамадскае, эстэтычнае і духоўнае жыццё беларускага народа.
Творы Караткевіча перакладзеныя на англійскую, балгарскую, грузінскую, іспанскую, латышскую, літоўскую, малдаўскую, мангольскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкую, таджыкскую, узбекскую, украінскую, французскую, чувашскую, эстонскую мовы.
Мастацкія фільмы
«Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1967), «Чырвоны агат» (1973), «Дзікае паляванне караля Стаха (1979), «Лісце каштанаў» (1981), «Чорны замак Альшанскі» (1983), «Паром» (1988) (паводле аповесці «Паром на бурнай рацэ»), «Маці ўрагану» (1990), «Сівая легенда» (1991), «Паляшук» (2019).
Дакументальныя фільмы
«Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць» (1966), «Чырвоны агат» (1973).
Мультыплікацыйныя фільмы
«Ладдзя роспачы» (1987).
Оперы
«Сівая легенда (1978, кампазітар Дзмітрый Смольскі).
«Дзікае паляванне караля Стаха» (1989, кампазітар Уладзімір Солтан).
«Дзікае паляванне караля Стаха» (2023, кампазітар Вольга Падгайская).
На кніжнай паліцы
![]() Караткевіч, Ул. Выбраныя творы / Уладзімір Караткевіч. Т. 1 : Апавяданні, аповесці. – 333, [2] с., [1] л. партр. Караткевіч, Ул. Выбраныя творы / Уладзімір Караткевіч. Т. 2 : Хрыстос прызямліўся ў Гародні : (Евангелле ад Іуды) : раман. – 398, [1] с. Першы том вядомага беларускага пісьменніка Ул. Караткевіча складаюць лепшыя апавяданні на сучасныя тэмы, аповесці «Лісце каштанаў» і «Чазенія». Аповесць «Лісце каштанаў» – аб жыцці і прыгодах падлеткаў у гады Айчыннай вайны; «Чазенія» – паэтычны расказ аб нязведаных абшарах, аб дзіўных выпадках, аб сіле дружбы, кахання, вернасці. |
![]() Караткевіч, У. С. Збор твораў : у 8 Т. Т. 1 : Вершы. Паэмы / У. С. Караткевіч; рэдактар тома Р. І. Барадулін. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. – 431 с., 4 л. : іл. У першы том уваходзяць вершы і паэмы Уладзіміра Караткевіча (1930-1984 гг.), якія напісаны ім на працягу ўсёй яго літаратурнай дзейнасці. У. Караткевіч – адзін з яркі і таленавітых беларускіх паэтаў. Яго паэзія вызначаецца рамантычнай узнёсласцю і грамадзянскай страснасцю, смелай вобразнасцю і глыбінёй зместу, пранікнёным лірызмам і філасафічнасцю, патрыятычным гучаннем і гуманістычнай скіраванасцю. |
![]() Уладзімір Караткевіч (1930-1984) – адна з самых яркіх постацей беларускай літаратуры ХХ ст. Ён плённа працаваў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык і кінасцэнарыст. У першы том Збору твораў Уладзіміра Караткевіча ўвайшлі паэтычныя творы са зборнікаў «Матчына душа» (1958) і «Вячэрнія ветразі» (1960). Асобны раздзел складаюць творы 1950-х гг. і 1960 г., якія не ўвайшлі ў зборнікі паэзіі.Раннія вершы пісьменніка вызначаюцца моцным патрыятычным пафасам, сувяззю з народнай творчасцю і гісторыяй, спалучэннем эпічнасці, баладнасці з эмацыянальнасцю і лірызмам. |
![]() На самым захадзе маёй Беларусі ляжыць Белавежская пушча. Гэта адзін з апошніх астравоў таго першабытнага лесу, які пакрываў у старадаўнія часы ўсю Еўропу. Тут зусім не рэдкасць дрэвы ў паўтысячы год. Тут з незапамятных часоў вольна жыве зубр. Магутны, як сама зямля, і старажытны, яе яе запаветныя нетры. Адвечная цішыня. І шолах дрэў. І тупат зубрыных статкаў. Таксама як і ў каменным веку. І побач з гэтым сляды далікатнага любоўнага ўмяшання чалавека: стагі, каб падкарміць узімку звяроў, музей, хаткі егераў, сучасная гасцініца. Для праўнукаў сваіх беражэ чалавек кожную кветку, кожнае дрэва, жывёл і птушак. І такуюць, такуюць раніцай глушцы. Да штучнага возера цягнуцца цяжкія сляды япрукоў. Трубіць у нясытай страсці алень. Дзікі вінаград абвівае буралом. І палюе на янотаў егер. І клічуць-клічуць белыя лебедзі, б’юць на рэках пудовыя шчупакі, шумяць сонечныя дубы і грабы. І чырванеюць падасінавікі. І дымок ад ранішняга вогнішча змешваецца з туманам.Усё гэта – пушча. Усё гэта – неўміручая душа яе. Яна цудоўная, як душа нашага народа. Калі вы стаміліся, калі хочаце прыпасці вуснамі да вечна жывой крыніцы жыцця – прыйдзіце сюды, у найдзівоснейшы куток зямлі. Бо тут – фарпост чалавечнасці, літасці чалавека да прыроды, сястры нашай. |
![]() Гэта кніга паэзіі Уладзіміра Караткевіча (1930-1984), якую ён сам падрыхтаваў да друку, але пабачыць ужо не паспеў, адразу стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Слова аднаго з самых любімых беларускіх пісьменнікаў адгукаецца ў сэрцах чытачоў рознага ўзросту. Таму і выходзіць у свет паўторнае выданне гэтай кнігі. |
![]() У гэтай кнізе сабраны казкі У.Караткевіча. Адзінаццаць з іх былі напісаны яшчэ ў студэнцкія гады і былі дасланы Якубу Коласу. Цяпер яны знаходзяцца ў музеі народнага песняра. Паэт У.Карызна адшукаў іх і падрыхтаваў да друку. |
![]() Кнігу пісьменніка складаюць апавяданні: «Вока тайфуна», «Былі ў мяне мядзведзі», «Краіна Цыганія», «Калядная рапсодыя»; аповесці: «Лісце каштанаў», «Дзікае паляванне караля Стаха». |
![]() Гэтае выданне працягвае новы кніжны праект «Народная бібліятэка». У кнігу класіка нашай літаратуры Уладзіміра Караткевіча ўвайшлі аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» і раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі». |
![]() У гісторыка-дэтэктыўнай аповесці расказваецца аб трагедыі, якая разыгралася ў адным з глухіх куткоў старой Беларусі, аб змовах цемрашалаў, прагных да золата і ўлады, аб смелых людзях, якія сталі на іх шляху, аб вераломстве і высакароднасці, аб страшным лёсе асуджанага на гібель высакароднага роду Яноўскіх. |
![]() Выданне кнігі Уладзіміра Караткевіча «ДЗІКАЕ ПАЛЯВАННЕ КАРАЛЯ СТАХА» на беларускай, рускай, украінскай, англійскай мовах ажыццёўлена Беларускім фондам культуры па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, з арганізацыйнай, фінансавай дапамогай Грамадскага аб’яднання «Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС)», Прыватнага прадпрыемства «Неф-праект». Выданне прысвечана 80-годдзю з дня нараджэння У.С. Караткевіча. |
![]() У гісторыка-дэтэктыўнай аповесці расказваецца аб трагедыі, якая разыгралася ў адным з глухіх куткоў старой Беларусі, аб загаварах цемрашалаў, прагных да золата і ўлады, аб смелых людзях, якія сталі на іх шляху, аб вераломстве і высакароднасці, аб страшным лёсе асуджанага на гібель высакароднага роду Яноўскіх. Роду, які быў выратаваны, дзякуючы гонару, мужнасці і каханню. |
![]() У славутым гатычным дэтэктыве «Дзікае паляванне караля Стаха» У. Караткевіч стварыў незабыўны, таямнічы і загадкавы вобраз беларускай мінуўшчыны. Нарыс «Зямля пад белымі крыламі» – гэта сціслы і займальны аповед пра рэальную беларускую гісторыю. |
![]() Кніга «З вякоў мінулых» Уладзіміра Караткевіча змяшчае надрукаваныя раней – часам досыць даўно – гістарычныя творы пісьменніка. Гэта старонкі гісторыі беларускага народа, дзеянні нашых продкаў, іх мужнасць у барацьбе супраць прыгнятальнікаў, іх вера ў святую свабоду, іх высокароднасць і духоўная прыгажосць. Край і людзі – вось фон, на якім адбываецца дзеянне гэтых вострасюжэтных твораў. |
![]() Гэта кніга пра Беларусь – сваеасаблівае эсэ-даследаванне. Размова ў ёй ідзе пра прыроду рэспублікі, фауну і флору, фальклор і этнаграфію, пра сівую мінуўшчыну і сённяшні дзень. Гэта кніга пра любоў да Айчыны. |
![]() У гэтай кнізе ідзе размова пра прыроду роднага краю, фауну і флору, фальклор і этнаграфію, пра далёкае і блізкае мінулае. Гэтыя творы У. Караткевіча пра любоў да Айчыны. Гэта кніжка пра Беларусь і беларусаў, пра нашу культуру, побыт, нашу гісторыю і нашу прыроду. Пра ўсё звычайнае, звыклае, набытае народам за шмат стагоддзяў нялёгкага існавання і спасцігнутае чулай душой закаханага сына Бацькаўшчыны, удумлівага даследчыка і мысліцеля. |
![]() Гэта кніга пра Беларусь – своеасаблівае эсэ-даследаванне. Размова ў ёй ідзе пра прыроду рэспублікі, фаўну і флору, фальклор і этнаграфію, пра сівую мінуўшчыну і сённяшні дзень. Гэта кніга пра любоў да Айчыны. Нарыс Уладзіміра Караткевіча прысвечаны Беларусі. Аўтар запрашае маладога чытача ў падарожжа па Беларусі, спрабуе паказаць хараство роднай прыроды, прывіць любоў да роднае зямлі, зацікавіць гісторыяй беларускага народа. Падставай для стварэння нарыса Уладзіміра Караткевіча сталі яго асабістыя перажыванні і ўспрыманне тых падзей, сведкам якіх ён быў. Як зазначыў сам аўтар, нарыс быў створаны не для таго, каб усё распавесці, але для таго, каб зацікавіць моладзь гісторыяй і прыродай ды прыгажосьці роднай зямлі. Нарыс паводле задумы павінен быць штуршком да пазнання і цікаўнасці маладога пакалення да роднай зямлі. Да таго ж Уладзімір Караткевіч дае выдатны ўрок патрыятызму, што можа быць карысным не толькі моладзі. Некаторыя статыстычныя ды ідэалагічныя факты, змешчаныя ў нарысе, ужо адышлі ў нябыт, але тое галоўнае, што чытаецца між радкамі – любоў да Беларусі – можа і сёння запаліць не адно маладое сэрца. |
![]() «Каласы пад сярпом тваім» – адзін з найлепшых гістарычных раманаў у беларускай літаратуры. Уладзімір Караткевіч па-майстэрску ўзнаўляе панараму жыцця краю напярэдадні паўстання 1863 года. Чытач трапляе ў магнацкі палац і сялянскую хату, у гімназічны клас і на велікасвецкі баль і разам з галоўным героем рамана Алесем Загорскім адкрывае для сябе прыгажосць, веліч і трагедыю сваёй радзімы – Беларусі. |
![]() Кастусь Каліноўскі і трагічнае паўстанне 1863 года прыцягнулі ўвагу Караткевіча-празаіка. Пры ўсёй спрэчнасці аўтарскіх трактовак і палажэнняў такой шырыні ахнпу вызначанай гістарычнай эпохі яшчэ не было ў беларускай прозе. |
![]() Кніга другая рамана «Каласы пад сярпом тваім» знаёміць чытача з грамадска-палітычнай абстаноўкай у Беларусі напярэдадні паўстання 1863-1864 гг., раскрывае складанасць умоў, у якіх раслі і гартаваліся паўстанскія сілы, выспявала народнае нездавальненне існуючым ладам. |
![]() У кнігу ўвашлі рамантычныя, фантастычныя і лірычныя казкі Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, якія рэкамендаваны для пазашкольнага чытання па беларускай літаратуры вучням 5-га класа. |
![]() Кнігу класіка нашай літаратуры Уладзіміра Караткевіча склалі папулярныя аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда» і «Ладдзя Роспачы», якія з цікавасцю і захапленнем чытае не адно пакаленне чытачоў. У творах пісьменнік імкнецца выявіць повязь паміж мінулым і сучасным, сцвярджае думку аб непераможнасці і ўсемагутнасці дабраты і чалавечнасці. |
![]() Непаўторная мова, дасканалы стыль, а таксама любоў і прага да жыцця, што нясуць з сабою героі казак Уладзіміра Караткевіча, – усё гэта з першых радкоў захапляе і малых, і дарослых. Малыя з цікавасцю прачытаюць творы «Жабкі і Чарапаха», «Верабей, сава і птушыны суд», «Вясна ўвосень», «Надзвычайная котка». Падлеткам адрасаваны шчымлівыя і патрыятычныя «Лебядзіны скіт», «Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў», «Кацёл з каменьчыкамі», лірычная «Вужыная каралева». А чытач дарослы і спрактыкаваны, можа, адкрые для сябе новага Уладзіміра Караткевіча – геніяльнага пісьменніка-казачніка. |
![]() З глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет свайго лірычнага героя піша паэт пра родны беларускі край, пра любоў да ўсяго прыгожага і светлага на зямлі. |
![]() У кнігу лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа Уладзіміра Караткевіча (1930–1984) увайшлі паэтычныя творы, якія даўно сталі класікай беларускай літаратуры. Яны вызначаюцца рамантычнай узнёсласцю і грамадзянскай страснасцю, нечаканай вобразнасцю і глыбінёй зместу. |
![]() Раман прысвечаны жыццю творчай інтэлігенцыі. Аўтар падае сучасныя падзеі на гістарычным фоне. Праўнук беларуса Усяслава Грышкевіча, удзельніка паўстання 1863 года, сустрэў Ірыну Гораву, праўнучку рускага афіцэра Юрыя Горава, і пакахаў яе. Раман «Нельга забыць» вядомы таксама і пад назваю «Леаніды не вернуцца да Зямлі». |
![]() Гэта фактычна дзевяты том Збору твораў класіка беларускай літатратуры Уладзіміра Караткевіча.Аповесць «У снягах драмае вясна», апавяданні, легенды, публіцыстыка, два раздзелы з другой кнігі рамана «Каласы пад сярпом тваім» склалі цікавы і патрэбны кожнаму, хто любіць усё беларускае. |
![]() Гэта твор пра сярэдневякоўе, пра тыя змрочныя часы, калі наш народ знаходзіўся пад прыгнётам царквы і феадалаў. |
![]() У сваёй новай кнізе пісьменнік піша пра сярэдневякоўе, пра тыя змрочныя часы, калі наш народ знаходзіўся пад прыгнётам царквы і феадалаў. |
![]() У кнігу ўвайшлі аповесць «Чазенія», а таксама навэла «Кніганошы» і апавяданні «Барвяны шчыт», «Паром на бурнай рацэ», «Сіняя-сіняя…» ды іншыя творы, прасякнутыя любоўю да прыроды і гісторыі роднай Беларусі, у якіх апяваецца хараство і духоўная прыгажосць чалавека. У аповесці «Чазенія» пісьменнік услаўляе духоўныя каштоўнасці – сяброўства, каханне, вернасць, а таксама апавядае пра нялёгкі маральны выбар закаханых людзей. |
![]() «Чазенія» – гэта аповесць аб рамантыцы далёкіх дарог, аб сустрэчах, аб моцы дружбы, кахання, вернасці. У п’есе «Званы Віцебска» раскрываюцца старонкі гісторыі беларускага народа, расказваецца пра гераічныя справы нашых продкаў, аб іх мужнасці і духоўнай прыгажосці. Апавяданне «Кніганошы» – аб падзеях мінуўшчыны беларускай прыгранічнай вёскі. |
![]() Уладзімір Караткевіч вядомы чытачу кніжкамі вершаў «Матчына душа», «Вячэрнія ветразі», «Мая Іліяда», а таксама кніжкамі прозы – «Блакіт і золата дня», «Каласы пад сярпом тваім». Кніжку пісьменніка склалі апавяданні і аповесць «Чазенія». Апавяданні прысвечаны мінуламу і сённяшняму дню роднай Беларусі. «Чазенія» – паэтычны расказ аб нязведанных абшарах, аб дзіўных выпадках, аб сіле дружбы, любві, вернасці. |
![]() У гістарычным рамане-дэтэктыве «Чорны замак Альшанскі» (1979) пісьменнік уваскрашае падзеі далёкага мінулага. Гэтыя падзеі гістарычна і сюжэтна звязаныя з сучаснасцю. |
![]() Раман «Чорны замак Альшанскі» (1979) – адзін з найпапулярнейшых твораў Уладзіміра Караткевіча (1930-1984) – напісаны ў жанры гістарычнага дэтэктыва, які ў апошнія дзесяцігоддзі стаў лідарам сусветнай літаратуры. Займальны і пазнавальны твор, дзе цесна перапляліся гісторыя і сучаснасць, раскажа вам шмат чаго цікавага пра гісторыю Беларусі і не дазволіць заснуць да самага ранку. |
![]() На працягу многіх гадоў У. Караткевіч даследуе ў разнастайных пластах гісторыі народнага жыцця вытокі гераічнага. Ен аўтар такіх вядомых кніг, як «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае, паляванне караля Стаха», «Вока тайфуна» і іншых. У гістарычным рамане-дэтэктыве «Чорны замак Альшанскі» пісьменнік уваскрашае падзеі, якія адбываюцца ў далёкім мінулым. Гэтыя падзеі гістарычна і сюжэтна звязаны з сучаснасцю.Героі аповесці «Зброя» едуць у Маскву купляць зброю для паўстанцаў, сустракаюцца з сябрамі і ворагамі. Аповесць напісана ў вострасюжэтнай форме. |
На русском языке
![]() Историческая повесть белорусского писателя Владимира Короткевича написана по всем правилам приключенческого жанра. Романтическая атмосфера повести, напряженность приключенческого сюжета благодаря мастерству автора делают ее не только познавательным, но и чрезвычайно привлекательным для читателя произведением. |
К![]() Историко-детективная повесть рассказывает о разыгравшейся трагедии в одном из глухих уголков старой Белоруссии, о заговоре мракобесов, жаждавших золота и власти, о смелых людях, ставших на их пути, о вероломстве и благородстве, о страшном роке осужденного на гибель благородного рода Яновских. Рода, который был спасен благодаря чести, мужеству и любви. |
![]() Роман рассказывает об одном из важных этапов жизни Беларуси – о кануне восстания 1863-1865 гг. под руководством Кастуся Калиновского. В книге нашли широкое художественное отражение самые различные явления тогдашней действительности – крестьянские бунты и отмена крепостного права, создание первых революционных кружков и групп, заговоры, недовольство передового разночинства и дворянства. |
![]() Роман-детектив «Черный замок Ольшанский» посвящен событиям трехсотлетней давности, которые тесно переплетаются с событиями Великой Отечественной войны, с сегодняшним днем. Любовь, верность, победа добра над злом — вечны и никогда не теряют своей ценности, – утверждает автор. Повесть «Дикая охота короля Стаха», также написанная в историко-романтическом плане, рассказывает о благородных и смелых людях, об их борьбе за светлые идеалы. |
![]() Свой исторический роман-детектив «Черный замок Ольшанский» известный белорусский писатель Владимир Короткевич посвятил событиям трехсотлетней давности, которые тесно переплетаются с событиями Великой Отечественной войны, с сегодняшним днем. Любовь, верность, победа добра над злом – вечны и никогда не теряют своей ценности, – утверждает автор. Повесть «Дикая охота короля Стаха», также написанная в историко-романтическом плане, рассказывает о благородных и смелых людях, об их борьбе за светлые идеалы. |
Літаратурна-крытычныя і метадычныя матэрыялы аб жыцці і дзейнасці Ул. Караткевіча
![]() У кнізе асэнсавана жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча, пададзены радавод пісьменніка, даследаваны такія праблемы, як рамантызм творчасці, яе сувязі з фальклорам, традыцыі «Аповесці мінулых гадоў» і «Слова пра паход Ігаравы» ў яго творчасці і інш. Шэраг артыкулаў прысвечаны характэрыстыцы творчасці пісьменніка ў беларускім, сусветным і рэгіянальным кантэкстах. |
![]() У кнізе даследуецца творчасць вядомага беларускага пісьменніка У. Караткевіча. Разглядаецца паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка. Прасочваецца творчая эвалюцыя пісьменніка, характарызуецца праблематыка і жанрава – стылявая своеасаблівасць яго твораў, раскрываецца непаўторнасць яго мастацкага свету. |
![]() Адметнасць і непаўторнасць новай кнігі пра Уладзіміра Караткевіча заключаюцца найперш у тым, што яна нечым нагадвае сяброўскую сагу пра вялікага і легендарнага пісьменніка, пра чалавека, чый уплыў на грамадскую думку, на фарміраванне гістарычнага светапогляду сучасніка працягваюцца і цяпер. Першую частку зборніка складае эсэ празаіка, паэта, літаратуразнаўцы Алега Лойкі «Уладзімір Караткевіч, або Паэма Гарсія Лойкі», дзе не толькі канцэптуальна, але і лірычна, эмацыянальна, узнёсла асэнсавана постаць славутага творцы. Другая частка зборніка – «Белая песня ў лугах залацістых…», дзе ўпершыню надрукаваныя паэтычныя творы самога У. Караткевіча на беларускай і рускай мовах, аўтапераклады асобных твораў на рускую мову і лісты паэта да Ніны Молевай. Трэцюю частку кнігі склалі вершы, урыўкі з паэм, эсэ, вытрымкі з нарысаў, крытычных артыкулаў як беларускіх, так і замежных пісьменнікаў, іншыя матэрыялы, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу. |
![]() У энцыклапедыі змешчаны артыкулы, якія тычацца жыцця і творчасці У.С. Караткевіча, людзей, якія мелі стасункі з пісьменнікам, даследавалі і даследуюць яго літаратурную дзейнасць, а таксама тых, для каго асоба і творчасць класіка сталі сапраўднай крыніцай натхнення. Падрабязна разглядаюцца і мастацкія сродкі, якія выкарыстоўваў пісьменнік пры напісанні сваіх твораў. Змешчаныя ў выданні артыкулы могуць стаць тэмай для падрыхтоўкі кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, курсавых работ студэнтаў, дадатковым матэрыялам пры падрыхтоўцы ўрокаў літаратуры настаўнікамі сярэдніх школ, а таксама рэфератаў вучнямі.Выданне будзе карысным для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй беларускай літаратуры і культуры. |
![]() Уладзімір Караткевіч апярэджваў свой час, узняўся над застойным канфармізмам, над паўсядзённасцю і бездухоўнасцю да вышыняў, з якіх добра відаць шляхі, што лучаць мінулае з будучыняй, чалавека з людзьмі і народамі. Пісьменнік незвычайнага, рэнесанснага таленту, ён стаў зоркай першай велічыні на нацыянальным літаратурным небасхіле. I задача гэтай кнігі – растлумачыць, хаця б часткова, той феномен, імя якому Караткевіч. У кнізе змешчаны малюнкі пісьменніка. |