Выстава творчых работ «Свет творчасці і майстэрства», прысвечаная Году малой радзімы.

   Малая радзіма — паняцце шматграннае. Гэта месца, дзе нарадзіўся, дзе прайшло дзяцінства, дзе сталеў і ўпершыню адчуў сябе асобай. Можна сцвярджаць, што малая радзіма — гэта сустрэча з тым, хто  табе дарагі, і з тым, што дорага. Гэта месца жыццёвай сілы, памяці.

  Менавіта такая сустрэча адбылася 13 снежня ў  цэнтральнай раённай бібліятэцы з членамі Лоеўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання    «Беларускае таварыства інвалідаў» на адкрыцці  выставы творчых работ “Свет  творчасці і майстэрства”, якая  адбылася ў рамках праекта «Мудрасць жыцця-маладосць душы».

    Тут панавала па-сапраўднаму добрая творчая атмасфера. Кожнаму было прадастаўлена слова, што дазволіла ўдзельнікам пазнаёміць прысутных са сваёй творчасцю,  рассказаць гісторыю стварэння вырабаў, цікавыя моманты нараджэння ідэй і задумак.

   З мэтай уславіць малую радзіму, наш цудоўны маляўнічы край, пазнаёміць са слаўнай гісторыяй і багатымі традыцыямі  ўдзельнікі дзяліліся музычнымі і паэтычнымі талентамі.

  Творчая выстава «Свет творчасці і майстэрства» заслугоўвае асобай увагі.  Гэта сапраўдная карусель, аб’яднаная ў адно цэлае незямной фантазіяй аўтараў – якія жывуць з марай пра прыгажосць, дабро і радасць. Свае вырабы прадставілі Аляксандр Грэбянок, Валянціна Шумігай, Таццяна Кацуба, Людміла Крывалап, Яўген Саўчанка і Пётр Кошчанка.  Тэматыка выставы шматгранная: разьба па дрэве, выпальванне, вязанне на спіцах і кручком, пляценне з бісеру, вышыўка, вырабы з каранёў дрэў, жывапіс, самаробныя лялькі і іншае.

   Мерапрыемства выйшла па-сапраўднаму цікавым: з песнямі, жартамі, падарункамі і, вядома, шчырымі ўсмешкамі. Кожны прысутны забраў з сабой часцінку душы майстра, укладзеную пры вырабе непаўторных твораў мастацтва. Выстава атрымала высокую ацэнку з боку наведвальнікаў і ўдзельнікаў мерапрыемства і яшчэ раз упэўніла ў тым, што лоеўская  зямля багатая на цікавых, неардынарных людзей.