Уборкаўскай сельскай бібліятэцы – 100 гадоў!

   У канцы  снежня бібліятэкары раёна святкавалі юбілей, Уборкаўскай сельскай бібліятэцы споўнілася 100 гадоў. 

   Сваю гісторыю Уборкаўская бібліятэка пачынае з 1919 года. Менавіта ў гэтым годзе ў весцы Уборак была адкрыта хата-чытальня, якая мела поўную назву Уборкаўская народная бібліятэка-чытальня Холмецкай воласці імя Карла Маркса.

   За сто гадоў у бібліятэцы змянілася некалькі пакаленняў спецыялістаў, якія сталі адзін аднаму настаўнікамі,  проста блізкімі людзьмі. Шмат добрых слоў заслугоўвае гаспадыня бібліятэкі, Курдзесава Наталля Віктараўна. Вось ужо 35 гадоў працуе яна бібліятэкарам, гасцінна  прымае чытачоў розных узростаў, прафесій, інтарэсаў.  

   Паслугамі Уборкаўскай сельскай бібліятэкі карыстаюцца 400 чытачоў.  Інфармацыйны рэсурс бібліятэкі складае  больш за 13 тысяч асобнікаў галіновай і мастацкай літаратуры.

   Наталля Віктараўна  працуе ў розных напрамках — патрыятычнае выхаванне, краязнаўчая дзейнасць, фарміраванне здаровага ладу жыцця, эстэтычнае  і духоўнае развіццё падрастаючага пакалення, экалагічная адукацыя і асвета насельніцтва.

   Асаблівая роля бібліятэкі  складаецца ў садзейнічанні  развіцця літаратурнай творчасці  тым, для каго кніга — неад’емная частка жыцця.

   У кожны дзень нараджэння, а ў стогадовы асабліва, прынята азірацца назад і з вышыні пражытых гадоў ацэньваць доўгую дарогу да гэтай даты. Бібліятэкары раёна падрыхтавалі віншаванні і падарункі. Наталля Віктараўна падрыхтавала прэзентацыю, якая распавяла аб асноўных вехах развіцця бібліятэкі. Выстава фатаграфій  прадставіла з чаго ўсё пачыналася, што прыйшлося пераадолець, як бібліятэка дасягнула свайго цяперашняга ўзроўню.

   Словы падзякі атрымалі былыя работнікі бібліятэкі, чытачы. Бібліятэкары раёна прадэманстравалі свае таленты ў інтэлектуальных конкурсах і віктарынах. Музычныя нумары ў выкананні  работнікаў Уборкаўскага цэнтра культуры  стваралі святочны настрой ва ўсіх прысутных.

  Наталля Віктараўна ўзнагароджана Падзякай Лоеўскага раённага выканаўчага камітэта.