Да 100 — годдзя з дня нараджэння Андрэя Макаёнка

Да 100 — годдзя з дня нараджэння Андрэя Ягоравіча Макаёнка

Драматург, сцэнарыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Народны пісьменнік БССР (1977). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1974), Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962).

Андрэй Ягоравіч Макаёнак нарадзіўся 12 лістапада 1920 г. у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1938 г. скончыў Журавіцкую сярэднюю школу і паступіў у ваеннае вучылішча.  Аднак вучобу пакінуў, вярнуўся на радзіму, дзе працаваў у раённым Доме сацыялістычнай культуры. У 1939 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у савецка-англійскай аперацыі ў Іране, у баях на Паўночным Каўказе і на Крымскім фронце. У красавіку 1942 г. быў цяжка паранены. Пасля дэмабілізацыі працаваў настаўнікам у Акаурцкай сярэдняй школе ў Грузіі (1942—1943). Зімой 1943 г. вярнуўся на радзіму. Працаваў сакратаром Журавіцкага райкама камсамола (1944, цяпер у складзе Рагачоўскага раёна), Гродзенскага гаркама камсамола (1945), загадчыкам партыйнага кабінета Магілёўскага чыгуначнага вузла (1945—1946), памочнікам сакратара Журавіцкага райкама партыі (1946—1947). У 1949 г. скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б. У 1949—1953 гг. — загадчык аддзела прозы часопіса «Вожык», у 1966—1978 гг. — галоўны рэдактар часопіса «Нёман».

Друкаваўся з 1946. Пісаў гумарэскі, фельетоны, нарысы. Першая п’еса — аднаактовая драма «Добра, калі добра канчаецца» (1946). Аднаактоўкі «Перад сустрэчай», «Жыццё патрабуе» (1950), «Аксеніна цялушка» і «Крымінальная справа» (1951), «Першае пытанне» (1952) вызначаліся актуальнасцю праблематыкі. Шматактовыя драмы «Ворагі», «Узыходы шчасця» (абедзве 1947), «Выйгрыш» (1948) пры жыцці аўтара не друкаваліся і не ставіліся. У 1952 на сцэне Беларускага тэатра імя Я. Купалы пастаўлена яго палітычная драма «На досвітку» пра пасляваенную Францыю. У сатырычнай камедыі «Выбачайце, калі ласка!» (паст. 1954) бескампрамісна крытыкуюцца заганныя метады кіраўніцтва савецкай гаспадаркай, паказуха, фармалізм, казённае адміністраванне. Камедыі «Каб людзі не журыліся» (паст. 1959) і «Лявоніха на арбіце» (паст. 1961) прысвечаны жыццю пасляваеннай вёскі.

 Сацыяльна-палітычнай накіраванасцю вызначаюцца наватарскія п’есы «Зацюканы апостал» (паст. 1971) і «Трыбунал» (паст. 1970), якія засведчылі значную эвалюцыю ў выяўленчай манеры аўтара. Сатырычная камедыя-памфлет «Зацюканы апостал», насычаная прыёмамі сцэнічнай умоўнасці, часам з падкрэсленым ігнараваннем праўдападобнасці, вызначаецца своеасаблівасцю мастацкай тыпізацыі, гранічнай абагульненасцю персанажаў, не трацячы пры гэтым мастацкай канкрэтнасці. У трагікамедыі «Трыбунал», блізкай да традыцый народнай драмы, Андрэй Макаёнак спалучыў нізкае з узвышаным, фарсавае з трагедыйным. Упершыню ў беларускай драматургіі высокая героіка ўвасоблена ў камедыйным жанры. У пошуках новых жанравых і структурна-кампазіцыйных форм А. Макаёнак прыйшоў да камедыі-рэпартажу «Таблетку пад язык» (паст. 1973), да складанай у жанравых адносінах камедыі «Кашмар» (паст. пад назвай «Святая прастата» ў 1976), якая падкупляе клопатам пра ўсталяванне разумных сацыяльна-палітычных узаемаадносін, гуманістычным пафасам.

 У канцы 1970 — пач. 1980-х г. на сцэне з’явіліся трагікамедыя «Пагарэльцы» (нап. 1966, апубл. 1980, паст. ў 1981) і камедыя «Верачка»(аўтарскае вызначэнне: сентыментальны фельетон, паст. ў 1979), якія адкрылі новыя грані драматургічнага таленту А. Макаёнка. У «Пагарэльцах», прысвечаных выкрыццю прыстасавальніцтва, апалітычнасці, шкурнцтва, аўтар адмовіўся ад традыцыйнай сюжэтна-кампазіцыйнай структуры твора, даў толькі «пралог і эпілог адной трагікамічнай гісторыі». Камедыя «Верачка» напісана ў больш звыклых, хоць і не кананічных жанравых формах; у эмацыянальным ладзе яе дамінуе мяккая, сцішаная танальнасць. Лірычныя моманты ёсць і ў п’есах «Лявоніха на арбіце», «Таблетку пад язык», «Кашмар», але прысутнічаюць там пераважна ў аўтарскіх рэмарках-пралогах.

Апошні закончаны твор А. Макаёнка — трагікамедыя «Дыхайце эканомна» (апубл. 1983) — п’еса-прытча, у якой аб’ектам аўтарскага асэнсавання стала найважнейшая агульначалавечая праблема захавання Зямлі ад тэрмаядзернай катастрофы.        

Аўтар кінааповесці «Твой хлеб» (1956), кінасцэнарыяў мастацкіх фільмаў «Шчасце трэба берагчы» (па матывах аповесці А. Кулакоўскага «Нявестка», 1958), «Рагаты бастыён» (па п’есе «Лявоніха на арбіце», 1964), «Пасля кірмашу» (па матывах п’есы Янкі Купалы «Паўлінка», 1972), дакументальных фільмаў «У адзінай сям’і» (1957), «Кандрат Крапіва» (1961).

Пераклаў на беларускую мову п’есы Л.  Зорына «Дабракі», «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н. Думбадзе і Г. Лордкіпанідзе, «Чацвёрты» К. Сіманава і інш. Выйшаў Збор твораў у пяці тамах (1987—1990).

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Знак Пашаны, медалямі. Імем Андрэя Макаёнка названы вуліцы ў Мінску і Гомелі, на радзіме, у Журавічах, у 1982 г. у гонар народнага пісьменніка адкрыты помнік.

 Памёр 16 лістапада 1982 г., пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

На кніжнай паліцы:

 

   Макаёнак, А.Я. Зацюканы апостал : п’есы : для ст. шк. узросту / Андрэй Макаёнак; прадм. А. Сабалеўскага. – Мінск. : Маст. літ.,2009. – 303 с. – (Школьная бібліятэка)

У адной звычайнай сям’і, дзе сталым напляваць адзін на аднаго і тым больш на дзяцей, растуць Дачка, даверлівая і добрая, і Сын — чужы ў сваёй сям’і, гарачы, прынцыповы, не па гадах разумны. Сын мае вызначаную мэту, да якой няўхільна ідзе. Ён жадае стаць высокапастаўленым палітыкам, ці, як ён кажа, «цэзарам». Але разумее, што ў такім разе трэба пазбаўляцца ад такіх маральных якасцяў, як спагада, памяркоўнасць, жаль, паблажлівасць да блізкіх…

 

 Макаёнак, А.Я. Чорная панна Нясвіжа: зборнік беларускай драматургіі: [для старэйшага школьнага ўзросту / складальнік К. І. Лабецкая]. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2013. — 261 с. — (Школьная бібліятэка)

У зборнiк уключаны творы вядомых беларускiх драматургаў XX стагоддзя: наватарская сатырычная камедыя-памфлет «Зацюканы апостал» i трагiкамедыя «Пагарэльцы» Андрэя Макаёнка, гiстарычныя п’есы з дынамічным сюжэтам, займальным каларытам пэўных эпох «Князь Вітаўт» i «Чорная панна Нясвiжа» Аляксея Дударава.

 

 Макаёнак, А.Я. П’есы: [для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту] / Андрэй Макаёнак. — Мінск : Ураджай, 1997. — 349, [2] с. — (Школьная бібліятэка)

У кнігу ўвайшлі шырока вядомы дынамічныя, вострасюжэтныя, з сакавітым гумарам п’есы пісьменніка.

 

Макаёнак, А.Я.   Трыбунал ; Зацюканы апостал: п’есы / Андрэй Макаёнак. — Мінск : Беларусь, 1971. — 137, [2] с.

Першая п’еса гэтай кніжкі “Трыбунал” адлюстроўвае падзеі, якія адбываліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, другая – напісана на замежным матэрыяле.

 

Макаёнак, А.Я.   Кашмар: небяспечная камедыя: [п’еса ў 3 дзеях] / Андрэй Макаёнак. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1979. — 61, [1] с.   

Жaнp кaмeдыi «Кaшмap» (дpyгaя нaзвa — «Святaя пpacтaтa») yдaклaднiў: «нeбяcпeчнaя кaмeдыя ў тpox дзeяx». Аўтapcкae вызнaчэннe «Taблeткi пaд язык» — «кaмeдыя-pэпapтaж», a тpaгiкaмeдыi «Дыxaйцe экaнoмнa» — «п’eca-пpытчa».

 

 Макаёнак, А.Я. Выбачайце, калі ласка: п’есы: [для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту] / Андрэй Макаёнак. — Мінск : Юнацтва, 1991. — 219, [2] с. — (Школьная бібліятэка)

 Сатырычная камедыя «Выбачайце, калі ласка!» была напісана аўтарам у 1953 годзе. Гэта быў вельмі складаны і цяжкі час для жыхароў вёскі. Многа вяскоўцаў загінула на вайне, а тым, хто застаўся, неабходна было падымаць сельскую гаспадарку. Людзі працавалі з раніцы да вечара, а атрымлівалі за гэта часцей толькі працадні. Нягледзячы на гэта, былі такія людзі, што на цяжкасцях іншых рабілі сабе кар’еру, даслужваліся да высокіх чыноў. Праблемы калгаснікаў такіх кіраўнікоў мала хвалявалі, галоўным для іх была асабістая выгада. Такіх кіраўнікоў-кар’ерыстаў аўтар і выкрыў у сваёй камедыі «Выбачайце, калі ласка!»

 

Макаёнак, А.Я.   Лявоніха на арбіце: камедыя ў 3 дзеях, 4 карцінах / Андрэй Макаёнак. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1973. — 87 с. — (Бібліятэка беларускай драматургіі)

П’еса «Лявоніха на арбіце» была, так бы мовіць, на злобу дня. Па сюжэце калгасніца-перадавічка Лушка змагаецца са сваім прасякнутым прыватнаўласніцкімі настроямі і памкненнямі гультаяватым мужам Лявонам і ўрэшце бярэ над ім верх.

 

 Макаёнак, А.Я.  Пагарэльцы ; Трыбунал / А.Макаёнак. Амністыя: [П’есы: Для ст. шк. узросту] / М.Матукоўскі. — Мн. : Ураджай, 2001. — 398, [2] с. — (Школьная бібліятэка)

У п’есе «Пагарэльцы», прысвечанай выкрыццю прыстасавальніцтва, апалітычнасці, шкурніцтва, дзеянне адбываецца ў пакоі камунальнай кватэры былога інструктара, цяперашняга старшыні гарвыканкама Ухватава — кар’ерыста і цыніка. Праз дваццаць гадоў тут размясціўся кватэрны аддзел на чале з падхалімамі Бусько, Кудасавым і Сіланам, прызначанымі некалі самім Ухватавым. Змяніўся час, і былы гаспадар горада нікому не патрэбен. Ён спрабуе адпомсціць…

 

Макаёнак, А.Я.  Избранное / Андрей Макаёнок. — Москва : Искусство, 1984. — 533, [2] с., [1] л. портр.

В сборник драматических произведений известного белорусского писателя вошли пьесы, получившие широкую популярность. Это сатирические комедии «Извините, пожалуйста!», «Левониха на орбите», «Таблетку под язык», трагикомедии «Затюканный апостол», и «Трибунал», лирическая комедия «Верочка» и др. Посвященные злободневным проблемам современности, остро бичующие пороки, еще встречающиеся в наши дни, пьесы призывают к общественному и моральному совершенствованию. Они очень сценичны, написаны живым, образным языком. Представят интерес и для театров и для зрителей.

 

Макаёнак, А.Я.   Збор твораў: у 5 т. / Андрэй Макаёнак. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1987―1990

 

 

 

 

   Макаёнак, А.Я.   П’есы / Андрэй Макаёнак. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1974. — 365, [2] с., [9] л. іл., партр.