Вечар памяці «Летапісец палескай зямлі».

У цэнтральнай раённай бібліятэцы праведзены вечар памяці «Летапісец палескай зямлі», прысвечаны 100-гадоваму юбілею Івана Паўлавіча Мележа. На мерапрыемстве прысутнічалі вучні 9-га класа Лоеўскай раённай гімназіі.

Іван Мележ – найвялікшы беларускі пісьменнік і публіцыст, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій, удзельнік ваенных дзеянняў у Вялікай Айчыннай вайне. Аўтар раманаў, аповесцяў і апавяданняў, п’ес, сцэнарыяў да тэлеспектакляў, кінасцэнарыяў. Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Нарадзіўся на Палессі — у вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна, там, дзе жылі яго «людзі на балоце». Пісьменнік вельмі любіў роднае Палессе, зямлю свайго маленства, адсюль яго выключная дабрыня і спагадлівасць.

Вучні пазнаёміліся з біяграфіяй і творчасцю І. Мележа, здзейснілі віртуальнае падарожжа ў дом-музей, які знаходзіцца на радзіме пісьменніка, паглядзелі відэаролік «Іван Мележ: перарваныя хронікі». Увазе прысутных  прадстаўлена кніжная выстава «Палескай зямлі волат».