Кандрат Крапіва

Кандрат Крапіва — адзін з буйнейшых прадстаўнікоў беларускай літаратуры. Выдатны мастак слова, ён узбагаціў беларускую літаратуру шматлікімі творамі, разнастайнымі па жанру і тэматыцы, у якіх адлюстроўваў жыццё нашай краіны на розных этапах яе гісторыі. Асабліва вялікая заслуга яго ў развіцці сатырычных жанраў, у развіцці беларускай байкі і драматургіі.

Паэт, драматург, празаік, сатырык, перакладчык, навуковец, грамадскі дзеяч.

Народны пісьменнік Беларусі (1956). Акадэмік АН БССР (1950). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978). Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Доктар філалагічных навук (1953). Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР (1941, 1951, 1971), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1974).

Кандрат Крапіва (Кандрат Кандратавіч Атраховіч) нарадзіўся 5 сакавіка 1896 года ў вёсцы Нізок былога Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці).

Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе ў вёсцы Нізок, уздзенскім народным вучылішчы, 4-класным гарадскім вучылішчы ў Стоўбцах, з якога перавёўся ў такое ж вучылішча ў Койданава (цяпер г. Дзяржынск). Пасля заканчэння ў 1913 г. здаў экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка. З восені 1914 г. настаўнічаў у пачатковай земскай школе ў вёсцы Мнішаны на Міншчыне. У жніўні 1915 г. мабілізаваны ў царскую армію для ўдзелу ў Першай сусветнай вайне. У сакавіку 1916 г. скончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў.

После-окончания-Гатчинской-школы-прапорщиков-1916г.

Удзельнічаў у баях на Румынскім фронце. У лютым 1918 г. дэмабілізаваны як настаўнік. Працаваў настаўнікам у вёсцы Каменка на Уздзеншчыне. У 1920—1923 гг. — камандзір у Чырвонай Арміі. З 1924 г. зноў настаўнічаў на Уздзеншчыне ў пасёлку Астравок.

У 1925 г. пераязджае ў Мінск, пачынае працаваць у Інстытуце беларускай культуры інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства, актыўна ўключаецца ў літаратурнае жыццё, з’яўляецца членам літаратурнага аб’яднання «Маладняк», а затым — «Узвышша». У 1926 г. Крапіва паступае на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта; пасля заканчэння універсітэта цалкам аддаецца літаратурнай дзейнасці.

У 1932—1936 гг. — загадчык аддзела ў часопісе «Полымя рэвалюцыі». Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), у савецка-фінскай вайне (1939—1940). З пачатку Вялікай Айчыннай вайны — у ваенным друку, працаваў у франтавых газетах «За Савецкую Беларусь», «Красноармейская правда». У самы цяжкі перыяд вайны, у снежні 1941 г., пісьменнік уступае ў рады КПСС. У 1943—1945 гг. рэдагаваў сатырычную газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1945—1947 гг. — рэдактар часопіса «Вожык». У 1947—1952 гг. — загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы і літаратуры АН БССР, потым дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР (1952—1956).

Сярод-студэнтаў-БДУ-імя-У.І.-Леніна-1962-г.

З 1956 па 1982 г. — віцэ-прэзідэнт АН БССР. Доктар філалагічных навук, акадэмік Акадэміі навук БССР і яе віцэ-прэзідэнт з 1956 г..

На-адкрыцці-музея-Янкі-Купалы-1960-г

У 1956 г. у сувязі з 60-годдзем з дня нараджэння Кандрату Крапіве прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР. У 1975 г. Савецкі ўрад удастоіў яго самай высокай узнагароды — звання Героя Сацыялістычнай Працы.

Кандрат-Крапива-1985г.

У 1982—1989 гг. — вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант у аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.

З-вучонымі-Акадэміі-навук-БССР-1972г.

Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР некалькіх скліканняў (1947—1990). У 1946 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у працы першай сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Лондане.

Кандрат-Крапива-с-составе-белорусской-делегации-на 1-й-сессии-Генеральной-Ассамблеи-ООН.

У Саюзе пісьменнікаў СССР з пачатку яго стварэння (1934).

Памёр Кандрат Крапіва на 95 годзе жыцця – 7 студзеня 1991 года, пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

 

 

У-рабочым-кабінеце-1972г.

Пачаў друкавацца з 1922 г.: фельетон у вершах «Жылі-былі» змешчаны ў газеце «Красноармейская правда» на рускай мове, сатырычны верш «Сваты» — першая публікацыя на беларускай мове ў газеце «Савецкая Беларусь». Выдаў кнігі сатыры і гумару «Асцё» (1925), «Крапіва» (1925), «Біблія»  (1926), «Байкі» (1927), «Хвядос — Чырвоны нос» (1931, вершаваная казка), «Калючы строй» (1932), «Смех і гнеў» (1946), «Сатыра і гумар» (1954), «Жаба ў каляіне» (1957), «Сорак баек» (1966), «Байкі і вершы» (1971), «Пучок жыгучкі» (1973) і інш. Напісаў раманы «Мядзведзічы» (1932), апавяданні «Недарэчная штука» (1925), «Ліха яго разбярэ» (1926), «Вайна», «Мой сусед» (абодва — 1927), «Вось тут і пішы» (1928) і інш. Аўтар п’ес «Канец дружбы» (1934), «Партызаны» (1937), «Хто смяецца апошнім» (1939), «Проба агнём» (1943), «Валодзеў гальштук» (1945), «Мілы чалавек» (абедзве — 1945), «З народам» (1948), «Пяюць жаваранкі» (1950), «Зацікаўленая асоба» (1953), «Людзі і д’яблы» (1958), «Брама неўміручасці» (1973), «На вастрыі» (1982).

Кандрату Крапіве належаць артыкулы «Думкі пра сатыру» (1928), «Аб сатырычнай камедыі» (1953), «Канфлікт — аснова п’есы» (1954) і інш.

Адзін з навуковых рэдактараў (з Я. Коласам і П. Глебкам) «Русско-белорусского словаря» (1953), навуковы рэдактар «Беларуска-рускага слоўніка» (1962, 2-е перапрац. і дап. выд. у 1988—1989), «Русско-белорусского словаря» (2-е перапрац. і дап. выд. у 1982), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах (1977—1984) і інш. Суаўтар працы «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (з Р. І. Аванесавым і Ю. Ф. Мацкевіч, 1968—1969).

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы У. Шэкспіра, Д. Фанвізіна, І. Крылова, А. Пушкіна, М. Гогаля, Т. Шаўчэнкі, А. Астроўскага, А. Чэхава, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага і інш.

Выйшлі Зборы твораў у трох (1956), чатырох (1963), пяці (1974—1976) і шасці (1997—2004) тамах.

Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ ступені, Дружбы народаў, Чырвонай Зоркі, медалямі.

У гонар Кандрата Крапівы названы Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) НАН Беларусі, Уздзенская сярэдняя школа № 2, у Мінску на доме № 76 па праспекце Незалежнасці, у якім жыў пісьменнік, усталявана мемарыяльная дошка. Імя Кандрата Крапівы носяць вуліцы ў Мінску і Уздзе.

На кніжнай паліцы:

Крапіва, К. Байкі і вершы: для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту / Кандрат Крапіва; укладанне Галіны Роліч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2002.– 230 с.

У кнігу народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы (1896–1991) увайшлі лепшыя вершы і байкі.

Крапіва, К. Брама неўміручасці : камедыі / Кандрат Крапіва. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2015. – 125 с. – (Школьная бібліятэка).

У кнігу класіка беларускай літаратуры Кандрата Крапівы ўвайшлі шырока вядомыя і ўсенародна любімыя камедыі «Хто смяецца апошнім» і «Брама неўміручасці».

Крапіва, К. Вершы, байкі / Кандрат Крапіва; уступны артыкул Г. Юрчанкі. – Мінск : Народная асвета, 1978. – 128 с. (Школьная бібліятэка).

У зборнік уключаны байкі і сатырычныя вершы, разнастайныя па тэматыцы і напісаныя ў розныя гады. К. Крапіва востра і трапна крытыкуе і высмейвае абыякавыя адносіны асобных людзей да грамадскіх абавязкаў, беспрынцыповасць, кар’ерызм, бюракратызм, жорсткасць, жульніцтва, падхалімства, бескультурнасць.    13 красавіка 1922 г. у газеце «Красноармейская правда» быў надрукаваны фельетон К. Крапівы «Жили-были». 3 таго часу імя байкапісца непарыўна звязана з духоўным жыццём беларускага народа, яго думкамі, імкненнямі, настроямі, запатрабаваннямі, з таго часу ён у першых шэрагах змагароў за камуністычныя ідэалы. У дні радасці і ўрачыстасцей, у часіны трывог і выпрабаванняў ён – рука ў руку, плячо ў плячо з працоўнымі масамі, жыве з імі аднымі справамі, марамі, спадзяваннямі. Іменна гэтая непарыўная сувязь дала яму магчымасць знадзвычайнай яркасцю выразіць мастацкім словам дух эпохі, паказаць найбольш істотныя падзеі жыцця.

Крапіва, К. Вершы. Байкі. Эпіграмы. Паэмы : для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту / Кандрат Крапіва; укладальнік і аўтарпрадмовы Сцяпан Лаўшук. – Мінск : Мастацкаялітаратура, 1991. – 285 с., [1] л. партр.

Кандрат Крапіва, народны пісьменнік БССР, акадэмік, Герой Сацыялістычнай Працы, свой першы твор – фельетон «Жылі-былі»– надрукаваў яшчэ ў 1922 годзе. 3 таго часу яго байкі, сатырычныя вершы і п’есы шырокавядомы не толькі ў нашай рэспубліцы, але і за яе межамі. Лепшым творам пісьменніка ўласцівы жывая натуральная мова, афарыстычнасць думкі, вострае непрыняцце чалавечых заганаў.

Крапіва, К. Выбраныя творы : байкі, вершы, эпіграмы / К. Крапіва; складанне Т. У. Люковіч. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. – 272 с.

У зборнік увайшлі лепшыя байкі, сатырычныя і гумарыстычныя вершы і эпіграмы Кандрата Крапівы, якія перажылі свой час. Яны захапляюць сваёй мудрасцю, паэтычнасцю, свежасцю мастацкіх фарбаў. Пісьменнік выкрывае нейкую загану праз смех, што больш дзейсна, чым проста ўказваць на гэтую загану. Вось чаму героямі сваіх баек ён рабіў гультаёў, дэмагогаў, кар’ерыстаў, невукаў, прыстасаванцаў, злодзеяў і інш. Крапівінская сатыра і сёння дапамагае выкараняць у грамадстве гэтыя недахопы.

Крапіва, К. Выбраныя творы / Кандрат Крапіва; укладанне, прадмова, каментар Серафіма Андрасюка. – Мінск : Беларуская навука, 2008. – 628 с. – («Беларускі кнігазбор» : Серыя мастацкая літаратура).

Кнігу народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы склалі найбольш значныя творы розных жанраў – вершы, байкі, камедыі, апавяданні, раман «Мядзведзічы» пра калектывізацыю сельскай гаспадаркі, публіцыстычныя артыкулы на хвалюючыя тэмы сучаснасці, лісты да вядомых дзеячаў культуры і літаратуры, да блізкіх пісьменніка. Сорак другі том кніжнага праекта «Беларускі кнігазбор».

Крапіва, К. Выбраныя творы: У 2-х т. Т. 1. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы, апавяданні, фельетоны, памфлеты, аўтабіяграфія / Кандрат Крапіва; прадмова Iвана Навуменкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1986. – 478 с., 8 л. іл.

Двухтомнік склалі лепшыя творы класіка беларускай савецкай літаратуры, народнага пісьменніка БССР, акадэміка, Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і БССР Кандрата Крапівы. У першы том увайшлі сатырычныя і гумарыстычныя вершы, байкі, эпіграмы, паэмы «Біблія» і «Хвядос – Чырвоны нос», у якіх выкрываюцца злачынныя планы імперыялістаў, а таксама ўнутраныя шкоднікі сацыялістычнага ладу – розныя хціўцы, прыстасаванцы, п’яніцы.

Крапіва, К. Выбраныя творы / Кандрат Крапіва; уступны артыкул Ю. Дворкіна. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва пры СНК БССР, Рэдакцыя дзіцячай літаратуры, 1941. – 267 с.

Імя Кандрата Кандратавіча Крапівы (Атраховіча) карыстаецца шырокай папулярнасцю сярод беларускіх чытачоў. Калі ў цяперашні час Крапіва вядомы як драматург, то ў дваццатыя гады яго ведалі пераважна як выдатнага сатырыка-байкапісца. Сатырычныя творы Крапівы былі асабліва папулярнымі на вёсцы і з захапленнем чыталіся людзьмі самых разнастайных узростаў.

Крапіва, К. Зацікаўленая асоба : п’еса ў чатырох актах, дзесяці карцінах / Кандрат Крапіва. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкая літаратура, 1953. – 93с.

Сатыра для Кандрата Крапівы – яго любімая пісьменніцкая зброя. Яна складае адменную якасць яго таленту, важнейшую асаблівасць даравання пісьменніка. У сатырычнай накіраванасці заключаецца галоўны пафас творчасці Крапівы – празаіка, байкапісца, драматурга. Вывучэнне творчага вопыту таленавітага беларускага камедыёграфа і сатырыка, як адзначыў на Другім з’ездзе савецкіх пісьменнікаў паэт Аляксей Суркоў, мае вялікае значэнне для развіцця ўсёй камедыйнай і сатырычнай лініі ў саюзнай драматуріі.

Крапіва, К. Збор твораў у шасці тамах. Т. 1. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы / Кандрат Крапіва; укладанне, прадмова, каментарыі Сцяпана Лаўшука; мастак Анатоль Александровіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1997. – 462 с., л. [4] іл., партр.

Першы том Збору твораў народнага пісьменніка Беларусі, заслужанага дзеяча навукі, аўтара кніг сатыры і гумару Кандрата Крапівы (1896–1991), склалі вершы з кніг «Асцё», «Крапіва», «Байкі», паэмы «Біблія», «Хвядос – Чырвоны нос».
Змагарны дух і творчае натхненне спадарожнічалі Кандрату Крапіве на працягу ўсяго яго вельмі доўгага – ажно сямідзесяцігадовага! – пісьменніцкага шляху. Зрэшты, будзе не зусім карэктна абмяжоўваць сямю дзясяткамі гадоў творчы перыяд нашага славутага пісьменніка. Калі лічыць справядлівай сентэнцыю аб тым, што пісьменнікам не становяцца, а нараджаюцца, дык трэба працягласць гэтага перыяду надтачыць яшчэ дваццаццю пяццю гадамі. I гэта будзе тым больш справядліва, што першая публікацыя сведчыць не столькі пра пачатак творчасці, колькі пра шчаслівае завяршэнне пэўнага творчага здзяйснення, а дакладней – пра пачатак публічных фіксацый такіх здзяйсненняў. Як бы там ні было, а сплаў змагарнасці з творчай натхнёнасцю абумовіў своеасаблівую пасіянарнасць працы Кандрата Крапівы ў літаратуры.

Крапіва, К. Збор твораў у пяці тамах. Том першы. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы / Кандрат Крапіва.– Мінск : Мастацкая літаратура, 1974. – 442 с. : іл.

У першы том уключаны толькі паэтычныя творы: вершы, байкі, фельетоны, эпіграмы і паэмы, напісаныя пісьменнікам за ўсе гады творчай працы. Кандрат Крапіва… Гэтае шырока вядомае, акружанае народнай любоўю імя прыйшло ў літаратуру праз досціп смеху, які цэлай ракой хлынуў з баек, сатырычных вершаў, што ўбачылі свет у пачатку двадцатых гадоў. Стыхія камічнага, якая выбухнула ў крапівінскім таленце, была такой напорыстай, магутнай, што адразу забяспечыла паэту-сатырыку самую шырокую і ўдзячную аўдыторыю. Рагатала ўся Беларусь: байкі, вершы Кандрата Крапівы чыталі, атрымаўшы свежую газету і пасеўшы на прызбы вясковыя дзядзькі, без іх не абыходзіліся самадзейныя спектаклі, сходкі, з крапівінскімі прыпеўкамі ішлі ў наступ за новы быт рашучыя камсамольцы двадцатых і трыццатых гадоў. Паэт-гумарыст і сатырык размаўляў са сваім чытачом на вельмі зразумелай і блізкай яму мове. Гэтая мова нібы ўвабрала, паяднала ў адно спрадвечную дасціпнасць вострых на язык людзей, якіх ва ўсе часы меў кожны сялянскі куток: усіх гэтых жартаўнікоў, перасмешнікаў, складальнікаў небывала дзіўных гісторый. Сапраўдны вялікі талент заўсёды ўсімі сваімі карэннямі ўваходзіць у родную глебу, жывіцца яе сокамі.

Крапіва, К. Збор твораў у 4-х тамах. Том першы. Байкі і вершы. Паэмы / Кандрат Крапіва. – Мінск : Дзяржвыд БССР, 1963. – 358 с.

Кандрат Крапіва валодае шчаслівым і незвычайным талентам: творы яго пакараюць чытача адразу ж, з першага знаёмства з імі, і пакараюць назаўсёды. Што гэта так – гаворыць ужо хоць бы і той факт, што даўно адшумелі і забыліся многія падзеі, пра якія пісаў пісьменнік, а творы яго чытаюцца з ранейшай неаслабнай цікавасцю і асалодай. Пра гэта сведчыць і гэтым тлумачыцца і нязменная папулярнасць К. Крапівы сярод самых разнастайных пластоў насельніцтва. Пасля Я. Купалы і Я. Коласа такой папулярнасцю не карыстаецца, бадай, ніводзін беларускі пісьменнік.Гарачую прыхільнасць чытачоў і шырокую вядомасць сярод іх К. Крапіва заваяваў адразу ж пасля свайго выступлення ў літаратуры. Людзі добра помняць, як ужо ў дваццатыя гады творамі беларускага сатырыка зачытваліся ва ўсіх кутках Беларусі – іх чыталі дарослыя і дзеці, іх завучвалі і ведалі на памяць, іх дэкламавалі на грамадскіх сходах і на сямейных вечарах. Аднавяскоўцы К. Крапівы ў дзень яго шасцідзесяцігоддзя пісалі свайму земляку: «Памятаем, як з вашымі камсамольскімі прыпеўкамі мы ішлі на свой першы сход камсамольскай ячэйкі». Гэтае самае аб ранняй творчасці К. Крапівы могуць сказаць многія людзі таго ж пакалення.

Крапіва, К. Збор твораў у трох тамах. Том першы. Байкі і вершы. Паэмы / Кандрат Крапіва. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1956. – 471 с.

Вялікі і слаўны творчы шлях прайшоў Кандрат Крапіва – таленавіты савецкі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў савецкай беларускай літаратуры. Больш чым за 30 гадоў сваёй літаратурнай дзейнасці ён стварыў мастацкія каштоўнасці, якія з’явіліся выдатным укладам у скарбніцу савецкай культуры.Як драматург Кандрат Крапіва належыць да выбітных прадстаўнікоў шматнацыянальнай савецкай драматургіі. Яго п’есы «Хто смяецца апошнім» і «Пяюць жаваранкі» заваявалі ўсеагульнае прызнанне і ўвайшлі ў рэпертуар усесаюзнага тэатра. Кандрат Крапіва вядомы як бліскучы майстар сатыры. 3 яго імем звязан росквіт беларускай байкі. У разнастайных жанрах, такіх, як сатырычны верш, байка, вершаваны фельетон, эпіграма, палітычны памфлет, кароткае сатырычнае апавяданне, сатырычная камедыя, яскрава выявілася майстэрства пісьменніка-сатырыка.

Крапива, К. Колючий строй : стихи, басни / Кондрат Крапива; авторизированный перевод с белорусского; предисловие Ивана Науменко. – Минск : Художественная литература, 1989. – 206 с., [1] л. партр. – (Белорусская поэзия).

Басни, сатирические стихи и поэмы народного писателя Беларуси Кондрата Крапивы, в день перестройки, гласности и демократизации, звучали удивительно остро и злободневно. Поэт-сатирик, поэт-провидец, «будто по мандату новой революционной правды», сметал с пути все, что мешало нам жить.

Крапіва, К. Пучок  жыгучкі: байкі / Кандрат Крапіва. – Мінск : Маст. Літ., 1973. – 80 с. з іл.

Хто не ведае баек Кадрата Крапівы «Вол  і  авадзень», «Дзед і баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, асёл, ды сонца»?!  Гэтыя і іншыя байкі і ўвашлі  ў зборнік вядомага таленавітага байкапісца. Яны востра высмейваюць усё коснае і адсталае, сцвярджаюць перадавое і светлае ў нашым жыцці.

Крапіва, К. Пяюць жаваранкі : п’еса ў чатырох актах, шасці карцінах / Кандрат Крапіва. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1951. – 104с.

Кандрат Крапіва – пісьменнік шырокага творчага дыяпазону, рознабаковага даравання. Яго творчасць вызначаецца багаццем тэматыкі, разнастайнасцю жанраў, мастацкай яркасцю нацыянальнай формы. Крапіва ўнёс шмат новага і арыгінальнага ў развіццё беларускай прозы і паэзіі, але найбольш поўна і моцна яго талент раскрыўся ў драматургіі.

Крапіва, К. Сорак баек / Кандрат Крапіва; мастак А. Волкаў. – Мінск : Беларусь, 1966. – 144 с.

«Байкі»… Кніжку з такой просценькай назвай у дваццатыя гады ведала ўся Беларусь.Тады нават у самых глухіх нашых вёсках ніводная вечарына, наладжаная камсамольцамі, не абыходзілася без таго, каб аматары мастацкага слова не дэкламавалі баек Кандрата Крапівы. Усюды горача прымалі гэтыя вострыя, дасціпныя творы, у якіх сатырык трапна высмейваў гультаёў і п’яніц, бюракратаў і балбатуноў, падхалімаў і прыстасаванцаў, хабарнікаў і паклёпнікаў, выкрываў розных прайдзісветаў і замежных ворагаў савецкай краіны. Тады ж, дарэчы, і напісаў К. Крапіва большасць сваіх баек. Мінулі дзесяцігоддзі, а яны не страцілі першароднай свежасці і па-ранейшаму абуджаюць у людзей смех. Каму ў Беларусі не вядомы цяпер «Вол і Авадзень», «Дзед і Баба», «Сука ў збане», «Мандат», «Дыпламаваны Баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Жаба ў каляіне», «Махальнік Іваноў», «Ганарысты Парсюк» і іншыя творы байкапісца? Яны друкуюцца ў школьных чытанках і ў анталогіях беларускай паэзіі, што выдаюцца на розных мовах. Крылатыя выразы з гэтых твораў даўно сталі народнымі прыказкамі.

Крапіва, К. Хто смяецца апошнім: камедыі: для ст. шк. укзросту / Кандрат Крапіва. – Мінск : Маст. Літ., 2010. – 186 с. – (Школьная бібліятэка).

У кнігу класіка беларускай літаратуры Кандрата Крапівы (1896-1991) увайшлі шырока вядомыя і ўсенародна любімыя камедыі «Хто смяецца апошнім»,  “Мілы чалавек”, “Брама неўміручасці”.

Крапіва, К. Хто смяецца апошнім : камедыя ў 3-х актах / Кандрат Крапіва. – Мінск :Беларусь, 1969. – 120 с.

Сатырычная камедыя народнага пісьменніка БССР К. Крапівы «Хто смяецца апошнім» прысвечана тэме выкрыцця замаскіраваных ворагаў і іх прыслужнікаў – падхалімаў і паклёпнікаў. Адначасова драматург бічуе перажыткі ўчарашняга дня, перажыткі, якія перашкаджаюць савецкім людзям ісці наперад.

Літаратурна-крытычныя і метадычныя матэрыялы
Ад маленства да сталасці : метадычныя рэкамендацыі да 120-годдзя Кандрата Крапівы  / Установа культуры «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Бабруйска», Цэнтральная гарадская бібліятэка імя М.Горкага, аддзел бібліятэчнага маркетынгу [складальнік К. А. Кірылюк; рэдактар В. У. Стэльмак ; адказны за выпуск Ж. М. Бокая]. – Бабруйск, 2015. – 62 с.

Кандрат Крапіва – знакаміты беларускі паэт, празаік, драматург, навуковец. Яго творчасць –  цэлая эпоха ў гісторыі беларускай літаратуры і перш за ўсё ў нацыянальнай драматургіі.Метадычныя парады змяшчаюць звесткі пра жыццёвы і творчы шлях беларускага пісьменніка, формы і назвы мерапрыемстваў, прысвечаных 120-годдзю К.Крапівы.Разлічаны на бібліятэкараў, настаўнікаў, аматараў, якія цікавяцпа развіццём беларускай літаратуры ў XX стагоддзі.

Бугаёў, Дз. Зброяй сатыры, зброяй праўды / Дзмітрый Бугаёў. – 2-е выданне, выпраўленнае, дапоўненае. – Мінск : Беларуская навука, 2004. – 316 с.

Упершыню кніга выйшла ў 1971 г.
Кніга прафесара філалогіі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа прысвечана жыццю і творчасці Кандрата Крапівы. Аўтар паказвае своеасаблівасць сатырычнай паэзіі, мастацкай прозы і драматургіі народнага пісьменніка Беларусі, характарызуе яго навуковую дзейнасць.
Дапоўнена артыкуламі «Яшчэ раз пра Кандрата Крапіву» і «А я яму ўдзячны…», у якіх разглядаюцца крапівінскія творы 70–80-х гадоў, згадваюцца асабістыя сустрэчы даследчыка з пісьменнікам.Адрасавана тым, хто цікавіцца беларускай літаратурай, вывучае ці выкладае яе ў сістэме сярэдняй і вышэйшай адукацыі.

Бугаёў, Дз. Зброяй сатыры, зброяй праўды / Дзмітрый Бугаёў. – Мінск : Навука і тэхніка, 1971. – 232 с.

Кніга прысвечана жыццю і творчасці Кандрата Крапівы. Кіруючыся сучаснымі эстэтычнымі крытэрыямі, аўтар паказвае своеасаблівасць сатырычнай паэзіі, мастацкай прозы і драматургіі народнага пісьменніка Беларусі, характарызуе яго навуковую дзейнасць.Горача абараняючы сатыру, Кандрат Крапіва зазначаў: «На пенсію я яшчэ не збіраюся. Яшчэ ёсць порах у парахаўніцы, і яшчэ досыць дурняў на свеце». А таму «рана яшчэ сатырыкам у адстаўку падавацца». Тады ж пісьменнік даволі рашуча заявіў пра сваё права не абмяжоўвацца сатырычнымі жанрамі: «Што да мяне асабіста, дык я ніколі кантракту не падпісваў быць абавязкова сатырыкам і толькі сатырыкам. Чым большы жанравы дыяпазон пісьменніка, тым, на маю думку, лепш, тым больш у яго магчымасці рэалізаваць свае здольнасці… Жанравы шавінізм – гэта смешны і шкодны забабон».

 Ватацы, Н. Кандрат Крапіва: бібліяграфічны даведнік / склала Н. Ватацы. – Мінск : Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У.І. Леніна ; Аддзел беларускай літаратуры і бібліяграфіі, 1963. – 190с.

«Калі б я праз недахоп «сыравіны» застаўся беспрацоўным як сатырык, дык толькі рад быў бы гэтаму як грамадзянін», – пісаў Кандрат Крапіва ў артыкуле «Што мне рупіць». 3 гэтых слоў відаць, што пісьменнік лічыць асноўным напрамкам сваёй літаратурнай дзейнасці –сатырычную творчасць, накіраваную на ліквідацыю перажыткаў капіталізма ў свядомасці савецкіх людзей.Пісьменнік выступіў у 1922 годзе ў жанры сатырычнай паэзіі, а некалькі пазней і ў прозе, з сярэдзіны 30-х гадоў стала працуе ў галіне драматургіі. Побач з ярка-сатырычнымі творамі, якімі з’яўляюцца камедыі «Хто смяецца апошнім» і «Мілы чалавек», пісьменнік стварыў лірычную камедыю «Пяюць жаваранкі» і драмы «Канец дружбы», «Партызаны», «Проба агнём», «З народам»,»Зацікаўленая асоба», «Людзі і д’яблы», у якіх аўтар працягвае распрацоўваць і сатырычныя матывы. Не аднойчы выступаў Кандрат Крапіва ў друку па пытаннях тэорыі і практыкі сатырычных жанраў літаратуры і асаблівасцях іх развіцця ў савецкай літаратуры. Творчасць Кандрата Крапівы адыграла значную ролю ў развіцці беларускай сатыры.

Казека, Я. Кондрат Крапива : критико-биографический очерк / Казека Янка; перевод с белорусского Е. Мозольникова. – Москва : Советский писатель, 1967. –144с.

Впервые на русском языке выходит книга, посвященная жизни и творчеству замечательного белорусского поэта-сатирика и драматурга Кондрата Крапивы. Автор книги – известный белорусский критик Янка Казека – показывает особенности сатирической поэзии Крапивы, ее подлинную народность. Наиболее подробно и основательно рассматривает автор басенное творчество К. Крапивы, характеризует вклад белорусского сатирика в развитие советской басенной традиции. Точное и живое представление дает автор о лучших, широко известных пьесах Крапивы: «Партизаны», «Конец дружбы», «Кто смеется последним», «Поют жаворонки», «С народом». Богатый и многокрасочный мир образов возникает перед читателем книги.Сатирик Кондрат Крапива, лауреат Государственных премий, удостоен почетного звания Народного писателя Белоруссии, и это является ярким свидетельством того, как высоко ценит и любит наш народ меткое, остроумное и гневное сатирическое слово.

Кандрат Крапіва / складальнік і аўтар тэксту С. С. Лаўшук. – Мінск : Беларусь, 1989. – 79 c.

Ёсць людзі, якія маюць як быццам не адно жыццё, не адну біяграфію, – жыццё іх упрыгожвае многія тысячы жыццяў, біяграфій! Дзелячыся з мноствам людзей багаццем сваёй душы, чалавек тады не бяднее, а наадварот – узбагачаецца сілай народа, яго ўдзячнасцю і любоўю. Такім чалавекам – сапраўдным сынам народа – мы называем і Кандрата Крапіву. 

Лаўшук, С. С. Кандрат Крапіва і беларуская драматургія / С. С. Лаўшук. – 2-е выданне – Мінск : Беларуская навука, 2002. – 252 с.: іл.

Даследуецца драматургічная творчасць старэйшыны беларускай літаратуры, народнага пісьменніка БССР, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і БССР Кандрата Крапівы. На шырокім фактычным матэрыяле прасочваецца станаўленне творчай індывідуальнасці К. Крапівы – драматурга ў кантэксце развіцця ўсёй беларускай драматургіі. Разлічана на літаратуразнаўцаў, выкладчыкаў ВНУ, работнікаў тэатра, аспірантаў, студэнтаў, усіх, хто цікавіцца развіццём беларускай драматургіі. 

Лаўшук, С. С. Кандрат Крапіва і беларуская драматургія / С. С. Лаўшук.– Мінск : Навука і тэхніка, 1986.– 240 с.: іл.

Прайшло шмат гадоў актыўнай літаратурнай творчасці, былі напісаны многія выдатныя байкі, апавяданні, сатырычныя паэмы і раман «Мядзведзічы», перш чым Кандрат Крапіва звярнуўся, нарэшце, да жанру драматургіі. Так «позна» прыйшоў у тэатр менавіта той К. Крапіва, які за межамі нашай рэспублікі вядомы пераважна як драматург. Адразу ж паўстае некалькі пытанняў. Па-першае, якія прычыны абумовілі цікавасць пісьменніка да драматургіі? Па-другое, што гэту цікавасць прыглушала раней? Па-трэцяе, чаму крапівінскі голас не згубіўся ў драматургічным шматгалоссі, якое адчувалася пад час выхаду першых яго п’ес? Узнікае і яшчэ шэраг іншых праблемных аспектаў асэнсавання пачатковага этапа драматургічнай творчасці пісьменніка. I ні адзін з іх не можа быць высветленым без хоць бы агульнага погляду на стан нашай драматургіі таго часу. Да сярэдзіны 30-х гадоў, а дакладней – к 1934 г., калі з першай п’есай выступіў К. Крапіва, беларуская савецкая драматургія дасягнула дастаткова высокага ўзроўню. Асноўная задача, якую паставіў перад ёй рэвалюцыйны час, – задача стварэння арыгінальнага рэпертуару для маладога нацыянальнага тэатра – была выканана дастаткова паспяхова. Больш таго, наша драматургія перастала быць набыткам толькі нацыянальнай культуры: пачынаючы з канца 20-х гадоў беларускую п’есу можна было сустрэць на сцэнах тэатраў братніх рэспублік і нават за мяжой краіны.

Лаўшук, С. С. Праз церніі да брамы неўміручасці: Кандрат Крапіва і беларуская драматургія / С. С. Лаўшук. – Мінск : Беларуская навука, 2016. – 267 с.

Даследуецца драматургічная творчасць аднаго з найбуйнейшых беларускіх пісьменнікаў ХХ ст., народнага пісьменніка БССР, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і БССР Кандрата Крапівы. На шырокім фактычным матэрыяле, грунтуючыся на прынцыпах гістарызму і з улікам новых навуковых падыходаў, прасочваецца станаўленне творчай індывідуальнасці К. Крапівы-драматурга ў кантэксце развіцця ўсёй беларускай драматургіі.
Разлічана на літаратуразнаўцаў, выкладчыкаў ВНУ і сярэдніх навучальных устаноў, работнікаў тэатра, аспірантаў, студэнтаў, усіх, хто цікавіцца развіццём беларускай драматургіі.

Ляшук, В. Я. Вывучэнне творчасці Кандрата Крапівы ў школе : дапаможнік для настаўнікаў / В. Я. Ляшук, М. I. Яніцкі. – Мінск : Аверсэв, 2007. – 192 с. – (Бібліятэка настаўніка).

У дапаможніку раскрыта методыка вывучэння творчасці Кандрата Крапівы, а таксама манаграфічных тэм, прысвечаных пісьменніку; змешчана сістэма ўрокаў па вывучэнні твораў і манаграфічных тэм; прыведзены метадычныя рэкамендацыі па правядзенні розных тыпаў і відаў заняткаў.Адрасуецца настаўнікам беларускай мовы і літаратуры агульнаадукацыйных устаноў, студэнтам і выкладчыкам педагагічных каледжаў і універсітэтаў краіны.

Макарэвіч, А. А. Сатыра Кандрата Крапівы / Аляксандр Антонавіч Макарэвіч. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1962. – 153с.

У кнізе А. Макарэвіча даследуецца сатырычная творчасць народнага пісьменніка БССР Кандрата Крапівы. Крытык падрабязна спыняецца на дзейнасці Крапівы-сатырыка і асвятляе такія пытанні, як вытокі творчасці пісьменніка, станаўленне яго сатырычнай паэзіі, пераход да другіх формаў – апавядання, рамана, п’есы, у якіх Кандрат Крапіва застаецца заўсёды сатырыкам, дасціпным гумарыстам, сапраўдным мастаком народнага слова. Па вобразнаму вызначэнню Максіма Горкага, савецкая літаратура выконвае ролю «акушэркі і магільшчыка». Гэта значыць, што яна садзейнічае выхаванню новых, сацыялістычных рыс у светапоглядзе, характары, псіхалогіі людзей і адначасова актыўна выступае супраць усяго таго, што перашкаджае іх духоўнаму і палітычнаму росту.

Сабалеўскі, А. Кандрат Крапіва : Постаць і творы : для сярэдэдняга і старэйшага школьнага узросту / Анатоль Сабалеўскі. – 2-е выданне, дапрацаванае і дапоўненае – Мінск : Народная асвета, 2003. – 304 с. :іл.

Творчасць Кандрата Крапівы ўвайшла ў духоўны свет не аднаго пакалення чытачоў і гледачоў. Эстафету цяпер падхопліваюць і самыя маладыя. «Настаўніцкая газета» апублікавала ўрывак з ліста адной школьнай настаўніцы: «Урокі па творчасці К. Крапівы – гэта ўрокі сталення маіх вучняў, урокі сапраўднага роздуму над жыццём, урокі, на якіх яны вучацца быць людзьмі. Глыбокі і мудры пісьменнік. Вобразы яркія і выразныя, а таму адразу б’юць у цэль. А гэта так важна, асабліва для маладых. Мае вучні разумеюць, ведаюць і прымаюць усё, чаму вучыць наш любімы драматург».

Усікаў, Я. Драматургія Кандрата Крапівы / Я. Усікаў ; рэдактар А. Кучар. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1953. – 168с.

«Савецкая драматургія, – пісала газета «Правда» ў артыкуле «Пераадолець адставанне драматургіі», – неад’емная частка нашай перадавой сацыялістычнай культуры. Ад стану драматургіі цалкам залежыць развіццё савецкага тэатра. Прагрэсіўнае, наватарскае значэнне савецкай драматургіі заключаецца ў тым, што яна адлюстроўвае ў праўдзівых мастацкіх вобразах нашу сацыялістычную рэчаіснасць, сцвярджае самыя перадавыя ідэі сучаснасці, прапагандуе палітыку савецкай дзяржавы. Упершыню ў гісторыі савецкая драматургія вывела на сцэну новага героя–чалавека свабоднай працы, які стаў будаўніком і сапраўдным гаспадаром новага жыцця». 

Шлях да Брамы Неўміручасці : матэрыялы Рэспубліканскіх навуковых чытанняў, прысвечаных 115-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы, Мінск (3 сак. 2011 г.) / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы ; укладальнік А. А. Манкевіч. – Мінск : Беларуская навука, 2012. – 167 с.

У зборнік увайшлі матэрыялы навуковых даследаванняў, прадстаўленых удзельнікамі Рэспубліканскіх навуковых чытанняў «Шлях да Брамы Неўміручасці», прысвечаных 115-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы (3 сакавіка 2011 года). У кнізе змешчаны ўспаміны родных і блізкіх Кандрата Кандратавіча, а таксама асвятляюцца актуальныя пытанні літаратуразнаўства, мовазнаўства. Аналізуецца паэтычная, празаічная і драматургічная спадчына класіка, яго дзейнасць на ніве беларускага мовазнаўства. Адрасуецца спецыялістам у галіне славянскай філалогіі, аспірантам і студэнтам філалагічных спецыяльнасцей.