Васіль Вітка

Васіль Вітка —  беларускі літаратурны крытык, паэт, перакладчык, публіцыст, празаік,  драматург, педагог,  класік беларускай дзіцячай літаратуры. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1970).

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Вітка Васіль (сапр. Крысько Цімох), нарадзіўся 16.05.1911 г. у вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Пасля сямігодкі паступіў у Слуцкую прафтэхшколу, якую скончыў у 1928 годзе і атрымаў спецыяльнасць слесара. Працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у заводскай шматтыражцы (1929-1930), рэдакцыях газет «Камуніст» (Бабруйск, 1930-1933), «Ударнік» (Жлобін, 1933-1935), «Чырвоная змена» (1935-1937), «Літаратура і мастацтва» (1937-1938) і часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1938-1939).

У 1939 г. Вітка быў сярод тых, хто  ўдзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён з’яўляўся сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.  У гады вайны працаваў у рэдакцыі газеты “Савецкая Беларусь”, з 1942 года у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ быў рэдактарам масавых выданняў для акупіраваных раёнаў, супрацоўнічаў у папулярных сатырычных часопісах “Партызанская дубінка”, “Раздавім фашысцкую гадзіну”.

З дня ўтварэння часопіса «Беларусь» (студзень 1944) працаваў яго адказным сакратаром. У 1948 годзе стаў намеснікам рэдактара, а потым у 1951 г. быў галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”. У 1957-1974 гг. — галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка».

Якімовіч-Алесь-і-Крапіва-Кандрат-сярод-землякоў.-Уздзенскі-раён.-1958-г..j

Сяргей-Гракоўскі-Мікола-Аўрамчык-Уладзімір-Дубоўка-Уладзіслаў-Надзьведзкі-і-Васіль-Вітка-1960-г.. 

У 1974-1987 гг. — сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм».

Янка-Брыль-Алесь-Пальчэўскі-Васіль-Вітка-Ніл-Гілевіч-і-Алесь-Якімовіч.-1979-г.

Сябра СП СССР з 1943 г.

Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума — «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1970).

Памёр 05.07.1996 г.

Друкавацца пачаў у 1928 г. Першы зборнік вершаў «Гартаванне» выдадзены ў 1944 г. у Маскве. У другую кнігу паэта “Поўдзень” (1946) ўвайшлі вершы пра салдацкую мужнасць і невялікая лірычная паэма “Поўдзень”, напісаная ў час вайны, «Вернасць» (1953), «Ружа і штык» (1958), «Паверка» (1961), «Вершы» (1968), «Беларуская калыханка» (1971), «Праводзіны лета» (1972), «Вышыні святла» (1977), «Случчына» (1981), «Трэція пеўні» (1988), зборнік сатыры і гумару «Для дома, для альбома і трохі для эпохі» (1983). Для дзяцей выдаў кніжкі паэзіі і вершаваных казак «Вавёрчына гора» (1948), «Буслінае лета» (1958), «Казка пра цара Зубра» (1960), «Дударык» (1964), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965), «Казкі» (1968, 1976), «Чытанка-маляванка» (1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Ладачкі-ладкі» (1977), «Мы будуем метро» (1979), «Мінскія балады» (1982), «Казкі і краскі», «Госці», «Загадка пра зярнятка» (усе 1984), «Дзецям» (выбраныя творы ў дзвюх кнігах, 1986), «Свята дружбы» (1987), зборнік апавяданняў «Зайчык-вадалаз» (1962). У 1973 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Аўтар п’ес «Прамень будучыні» (1948), «Шчасце паэта» (1951, пастаўлена ў 1952).

Напісаў многа літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў на маральна-этычныя і выхаваўчыя тэмы. У 1977 г. выдаў кнігу дзённікаў, нарысаў і апавяданняў «Дзеці і мы», у 1982 г. — кнігу «Урокі», у 1988 г. — «Азбука душы». Адзін з аўтараў чытанак «Роднае слова» для 1 (1969), 2 (1970) і 3 (1988) класаў.

На беларускую мову пераклаў паэму Ў.Маякоўскага «Добра!» (1940, з Р.Лыньковым), «Паны Галаўлёвы» М.Салтыкова-Шчадрына (1956), кнігу В.Сухамлінскага «Блакітныя жураўлі» (1971), творы расейскіх, украінскіх, латышскіх, балгарскіх і польскіх пісьменнікаў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972) за кнігі «Беларуская калыханка», «Казкі» і «Чытанка-маляванка». У 1978 г. узнагароджаны міжнародным ганаровым дыпломам імя Х.К.Андэрсена з занясеннем прозвішча пісьменніка ў Ганаровы спіс дацкага казачніка.

Шматгранная дзейнасць Васіля Віткі адзначана ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума – “Знак пашаны”, медалямі. Ён – заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1970). У 1972 годзе за кнігі “Беларуская калыханка”, “Казкі”, “Чытанка-маляванка” быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, у 1978 годзе  атрымаў Міжнародны ганаровы дыплом імя    Х-К. Андэрсэна за кнігу “Казкі”, і яго прозвішча было занесена ў спіс лепшых казачнікаў свету.

На кніжнай паліцы

Вітка, В. Азбука Васі Вясёлкіна: казкі : для мал. шк. узросту / Васіль Вітка; маст. Л. Зеневіч . — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2021. – 64 с. : iл. – (Кніга нашага дзяцінства).

Жывая мова, трапныя выразы, займальныя вобразы, навука без навучання — вось асаблівасці творчасці класіка беларускай дзіцячай літаратуры Васіля Віткі. Калі возьмецеся чытаць яго «Азбуку Васі Вясёлкіна» і іншыя вершаваныя казкі — не толькі вывучыце алфавіт, але і прыдбаеце цудоўны настрой і добрых сяброў! Не адно пакаленне беларусаў з захапленнем чытае і вучыць творы В. Віткі, разам з ім адкрывае сакрэты роднай зямлі. Пераймайце эстафету, шаноўныя чытачы!

Вітка, В. Азбука душы: традыцыя, пошук, эксперымент / Васіль Вітка. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. — 364, [2] с., [12] л. iл., партр.

Чытачы з прыхільнасцю сустрэлі кнігі старэйшага беларускага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Васіля Віткі «Дзеці і мы», «Урокі». «Азбука душы» — трэцяя кніга аўтара, прысвечаная ўзаемасувязі літаратуры, мастацтва і педагогікі. Яна закранае надзённыя праблемы школьнай рэформы, апавядае пра славутых педагогаў Сухамлінскага, Шаталава, апавядае пра сустрэчы з Янкам Купалам і Кузьмой Чорным, з Э. Самуйлёнкам і А. Куляшовым, М. Лобанам і А. Бачылам.

Вітка, В. Выбраныя творы / Васіль Вітка; уклад. і камент. Т. Тарасавай, К. Цвіркі прадм.  А. Васілевіч. — Мінск : Беларус. навука, 2013. — 524 с., [8]с. іл. — (Беларускі кнігазбор. Мастацкая літаратура).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Васіль Вітка (1911–1996) пакінуў пасля сябе вялікую літаратурную спадчыну — вершы, паэмы, апавяданні, эсэ, успаміны, літаратурныя крытычныя артыкулы, шматлікія творы для дзяцей, за якія ён быў узнагароджаны Міжнародным ганаровым дыпломам імя Г. К. Андэрсена. У гэтую кнігу ўвайшло ўсё самае значнае з мнагаграннай творчасці пісьменніка.

Вітка, В. Вышыні святла: вершы / Васіль Вітка. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1977. — 109, [1] с.

«Вышыні святла» — пачуцці, хваляванні, народжаныя роздумам аб людзях подзвігу ў імя Радзімы, у імя вялікай праўды веку.У кнігу ўвайшла лірычная паэма «Случчына». Два наступныя раздзелы аб’яднаны пачуццямі захаплення душэўным хараством жанчыны, сілай яе любові і вернасці.Побач з гумарыстычнымі і сатырычнымі вершамі змешчаны дзве новыя казкі паэта.

Вітка, В. Госці: Вершы: Для дашк. узросту / Маст. У.Савіч. — Мн. : Юнацтва, 1984. — 32с. — (Мая першая кніжка).

Вершы пра птушак.

Вітка, В. Дзеці і мы: [зборнік] / Васіль Вітка. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1977. — 268, [2] с., [1] л. партр.

Кніга В. Віткі «Дзеці і мы» ўзнікла з патрэбы пісьменніка выказацца пра тое, што яго трывожыць і хвалюе: які сучасны чалавек, якім ён імкнецца стаць, у чым яго ідэал, як ён разумее і бачыць жыццё.

Вітка, В. Дзецям: выбраныя творы ў 2 кн.: Кн. 1 : Вершы. Казкі. Паэмы. Пераклады. Для мал. і сярэд. шк. узросту / Васіль Вітка. Маст. К.П. Шаранговіч. — Мінск : Юнацтва, 1986. – 334 с.  [5] л. каляр.іл.

Першую кнігу двухтомніка вядомага беларускага паэта, лаўрэата дзяржаўнай прэміі БССР В. Віткі складаюць вершы, лічылкі, загадкі, скарагаворкі адрасаваныя для дзяцей.  Выхаванне і навучанне іх пачынаецца з сям’і, з дзяцячага сада. Сюды таксама ўключаны пераклады і паэма “Беларуская калыханка”.

Вітка, В. Дом, дзе жывуць словы: Слоўн. нар. мовы для дзяцей / Васіль Вітка. — Мн. : Маст. літ., 1995. — 127 с.        

Асаблівасць кнігі такая, што дайсці да дзяцей яна можа толькі пры дапамозе дарослых — бацькоў, выхавацеляў і настаўнікаў.        

«Дом, дзе жывуць словы» гэта слоўнік у вершаванай форме, складзены з багацяў народнай творчасці. Авалодаць мовай, дасканаласцю слова можна толькі, калі яно гучыць у дзіцяці на слыху, як музыка, вабіць і дзівіць чарадзействам усей сваей сілы і хараства. Ці ёсць яна, дзіцячая мова? пытаецца паэт. І адказвае: ёсць, адначасова шкадуючы, што гэтай моваю мала цікавяцца дарослыя.

Вітка, В. Мінскія балады: вершы: для сярэдняга школьнага ўзросту / Васіль Вітка. — Мінск : Юнацтва, 1982. — 53, [2] с.

Васіль Вітка — вядомы беларускі паэт, лаурэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Яго творчасць адзначана міжнародньім Ганаровым Дыпломам імя X.К. Андэрсэна. Кніга «Мінскія балады» — плён арыгінальнай задумы аўтара: на лёсе роднай сталіцы паказаць поўнае драматызму мінулае нашага народа, яго светлы сённяшні дзень і перспектыву заўтрашняга дня. Духоўны позірк паэта нястомна бачыць у малым — вялікае, падымаючыся ад прыватнага да агульначалавечага, ад нацыянальнага да інтэрнацыянальнага. Усім сэрцам паэт звяртаецца да дзяцей. Задушэўна з добрай усмешкай раскрывае ён цудоўны свет дзіцячых захапленняў.

Вітка, В. Перад парогам: Вершы, казкі / Васіль Вітка; уклад. Т. Тарасавай. — Мн. : Маст. літ. —  2001. — 241, [5] c.

Імя Васіля Віткі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, добра вядома чытачам. Ён аўтар шматлікіх кніг прозы і паэзіі, адрасаваных як дарослым, так  і дзецям.У гэтую кнігу ўвайшлі лепшыя лірычныя і сатырычныя вершы паэта розных гадоў, а таксама казкі для дзяцей, за якія В. Вітка быў удастоены высокай міжнароднай узнагароды – дыплома імя Х.-К. Андэрсана з занясеннем прозвішча пісьменіка ў Ганаровы спіс дацкага казачніка.

 Вітка, В. Случчына: вершы, паэмы, казкі / Васіль Вітка. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1981. — 349, [1] с., [2] л. партр.

Аднатомнік вядомага беларускага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і Міжнароднай прэміі імя X. К. Андэрсена склалі лепшыя вершы, паэмы і казкі, а таксама сатырычныя і гумарыстычныя творы.

Вітка, В.  Трэція пеўні: вершы, паэмы, пераклады / Васіль Вітка. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. — 158, [1] с., [1] л. партр.

«Трэція пеўні — пара перад світаннем, перад нараджэннем новага дня. Дзень і ноч, год, век — мы прызвычаіліся ў гэтых прасторавых уяўленнях часу, але вось якімі прыкметамі і галасамі жыццёвага асяроддзя будуць вызначаць наступныя пакаленні змену і надыход новых эпох на ўсёй планеце — пра гэта, напэўна, ведаць толькі нашым унукам і праўнукам», — так вось вобразна ахарактарызаваў галоўную тэму сваёй кнігі, тэму пераемнасці, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР паэт Васіль Вітка.

Вітка, В. Урокі роднага слова: вершы, казкі, апавяданні / Васіль Вітка; уклад. Т.С. Тарасава; маст. М.Р. Казлоў.  — Мінск : Маст. літ., 2008. — 264 c.: іл.

Заслужаны дзеяч культуры, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і ўладальнік Ганаровага Міжнароднага дыплома імя Г. Х. Андэрсена, выдатны дзіцячы пісьменнік Васіль Вітка быў прыроджаным педагогам. Вось і гэтая кніга з літаратурнай спадчыны пісьменніка – своеасаблівы падручнік роднага слова, чароўнага, мілагучнага і шматфарбнага.

Вітка, В.  Хто памагае сонцу: вершы, казкі, пераклады: для дашкольнага ўзросту  / Васіль Вітка. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1975. — 79, [1] с.