Максім Адамавіч Багдановіч

Максім Адамавіч Багдановіч — беларускі паэт, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык, літаратуразнавец; класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы. Багдановіч выступаў як крытык і гісторык літаратуры. Распачынальнік традыцыі беларускага мастацкага перакладу.  Спадчына Максіма Багдановіча ўвайшла ў залаты фонд беларускай культуры.

 Максім Адамавіч Багдановіч нарадзіўся 9 снежня (27 лістапада) 1891 года. Быў другім з сямі дзяцей. Бацькі паэта былі інтэлігентнымі, высокаадукаванымі людзьмі. 

У ліпені 1892 года сям’я Багдановічаў пераехала з Мінска ў Гродна (Адаму Ягоравічу было прапанавана там новае месца працы ў Сялянскім банку), дзе і прайшлі раннія дзіцячыя гады будучага паэта. Сярод найбольш яркіх уражанняў гэтага перыяду яго жыцця – паездка летам 1895 года ў маёнтак Вяззе (зараз Асіповіцкі раён), дзе жыла родная цётка з боку маці і дзе ён акунуўся ў натуральную стыхію беларускай мовы (асяроддзе, у якім выхоўваўся паэт, было ў аснове сваёй рускамоўнае). Калі Максіму было 5 гадоў, у сярэдзіне лістапада 1896 года Адам Ягоравіч з дзецьмі пераехаў у Ніжні Ноўгарад, куды атрымаў перавод па службе.

 Ранняе маленства Максіма прайшло ў Гродна, куды сям’я пераехала ў чэрвені 1892 г.

У 1902г. Максім Багдановіч паступiў у першы клас Нiжнегародскай мужчынскай гiмназii. Максiм быў удумлiвы, крыху замкнуты, сцiплы, не па гадах сур’езны. Калi ён быў у 4 класе, у 1905 г., пачалася рэвалюцыя.

У школьныя гады Багдановiч шмат чытаў. Вельмi любiў паэзiю, музыку, народныя песнi. З дзяцiнства расла цiкавасць да гiсторыi беларускага народа, яго культуры. Багдановiч вывучае беларускую  мову, чытае кнiгi па гiсторыi Беларусi, пачынае пiсаць па-беларуску.

Вершы стаў пiсаць у 10 гадоў. Творчая дзейнасць Максіма Багдановіча пачалася з публікацыі алегарычнага апавядання «Музыка» (Наша Ніва. 1907. № 24. 6 ліп.). У 1908 годзе былі напісаны і апублікаваны першыя вершы «Прыйдзе вясна», «Над магілай», у якіх аўтар пазначыў месца напісання: Ніжні Ноўгарад.

Першы, хто яго заўважыў быў Янка Купала. Пачалася яго лiтаратурная дзейнасць. У чэрвені 1908 года сям’я Багдановічаў пераязджае на пастаяннае месца жыхарства ў Яраслаўль. Максіма пераводзяць у шосты клас яраслаўскай гімназіі. Вясной 1909 года юнак захварэў на сухоты. Нягледзячы на хваробу, гады вучобы ў гімназіі былі плённымі ў творчасці. Газета «Наша Ніва» перыядычна друкуе вершы, у газеце «Голос» публікуюцца нататкі, рэцэнзіі, фельетоны, крытычныя артыкулы. У 1909 годзе Адам Багдановіч адвозіць сына на лячэнне ў Крым. Захапленне паўднёвым краем, новае кола знаёмых, закаханасць — усё гэта паўплывала на рамантычны настрой юнака. Здароўе яго паляпшаецца. З творамі М.Багдановіча ў 1909 годзе знаёміцца С.Палуян, супрацоўнік газеты «Наша Ніва». Вядомы публіцыст, крытык адыграў значную ролю ў творчым лёсе маладога паэта. Члены рэдкалегіі газеты «Наша Ніва» лічылі вершы М.Багдановіча «дэкадэнскімі», і яны захоўваліся ў архіве рэдакцыі. С.Палуян настаяў на іх публікацыі пасля пэўнага рэдагавання.

М.-Багдановіч-сярод-гімназістаў-аднакласнікаў-Ніжагародскай-мужчынскай-гімназіі.

У 1911 годзе М.Багдановіч заканчвае гімназію і наведвае Вільню. Ён знаёміцца з братамі І. і А.Луцкевічамі, В.Ластоўскім, Б.І.Эпімах-Шыпілам — супрацоўнікамі рэдакцыі «Наша ніва». З чэрвеня па жнівень жыў у фальварку Ракуцёўшчына (цяпер Маладзечанскі раён, дзе цяпер працуе філіял музея), які належаў роднаму дзядзьку братоў – В. Лычкоўскаму. Паводле некаторых звестак, тут было створана 16 вершаў і 2 паэмы, якія пазней склалі паэтычныя цыклы «Старая Беларусь», «Места» і «Мадонны».

У 1911 ён паступіў у Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй (Яраслаўль). Сярод лiцэiстаў Максiм вылучаўся начытанасцю, багатай эрудыцыяй. Усе сiлы аддаваў лiтаратуры. Самастойна вывучаў замежныя мовы. Лiцэйскi перыяд быў пленным у паэтычнай дзейнасцi.

У гэты час ён напiсаў лепшыя свае творы. У Вільні ў 1914 годзе ў друкарні Марціна Кухты выходзіць зборнік «Вянок» (на тытуле пазначаны 1913 год) з прысвячэннем: «Вянок на магілу С.А.Палуяну († 8 красавіка 1910 г.)». М.Багдановіч здолеў падняць сапраўдныя «глыбы» ў даследаванні гісторыі беларускага пісьменства і закласці «трывалыя асновы нацыянальнага літаратуразнаўства і крытыкі» (М.Мушынскі). Першыя артыкулы «Глыбы і слаі» [1911], «За тры гады» [1913] даследчыкі лічаць пачаткам беларускай прафесійнай крытыкі. М.Багдановіч стварае «навукова абгрунтаваную канцэпцыю развіцця беларускай літаратуры ад старажытнасці да пачатку ХХ ст.» («Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ стагоддзя» [1911], «За сто лет» [1911], «Новый период в истории белорусской литературы» [1912], «Белорусское возрождение» [1914]). У беларускім і расейскім друку перыядычна з’яўляюцца публіцыстычныя артыкулы, у якіх разглядаюцца пытанні гісторыі літаратуры, нацыянальныя і грамадска-палітычныя праблемы («Новая интеллигенция» [1914], «О гуманизме и неосмотрительности» [1914], «Белорусы» [1915]). У 1914 годзе М.Багдановіча прымаюць у правадзейныя члены «Усерасійскага таварыства дзеячоў перыядычнага друку і літаратуры». У 1915 годзе М.Багдановіч зноў едзе на лячэнне ў Крым. Цяжкая хвароба ўсё часцей прыпыняла творчую працу. Пераадольваючы яе жорсткія праявы, паэт піша паэму «Максім і Магдалена», цыкл «На ціхім Дунаі» (вершы беларускага складу) і іншыя творы. У верасні 1916 года М.Багдановіч заканчвае Яраслаўскі юрыдычны ліцэй. Ён марыць аб выданні новых паэтычных зборнікаў: «Маладзік» або «Красавік», «Пярсцёнак», «Шыпшына», «Полынь-трава». Але здзейсніць свае творчыя планы М.Багдановіч, на жаль, не паспеў.

Рэдакцыя-газеты-«Голас».-1915—1916-гг.

Восенню 1916 года ён пераязджае ў Менск і пачынае працаваць сакратаром у харчовым камітэце менскай губернскай управы. Жыве на кватэры З.Бядулі, дзе сустракаецца з А.Смолічам, З.Верас, Ядвігіным Ш., А.Паўловічам, У.Галубком… Асяроддзе аднадумцаў натхняе паэта на творчасць і актыўную грамадскую дзейнасць. У гэты перыяд ён піша вершы «Страцім-лебедзь», «Пагоня». У канцы лютага 1917 года М.Багдановіч назаўсёды пакідае Мінск. 25 мая 1917 года ў Ялце ў творчым росквіце абарвалася жыццё таленавітага мастака, які за кароткі час «здолеў здзейсніць свой найвялікшы творчы подзвіг — стаць побач з Янкам Купалам і Якубам Коласам першай зоркай на небасхіле нацыянальнай паэзіі, аказацца ў цэнтры літаратурна-грамадскага руху Беларусі пачатку ХХ ст., быць лепшым крытыкам і гісторыкам роднай літаратуры, яе класікам, выдатным перакладчыкам і празаікам» (А.Лойка).

 Пахаваны на Луцкiх гарадскiх могiлках у Ялце.

Максім Багдановіч пражыў вельмі кароткае, але надзвычай плённае ў творчых адносінах жыццё.   

Ён дасягнуў шырокага прызнання сучаснікаў і нашчадкаў. Імя Максіма Багдановіча стаіць побач з такімі класікамі беларускай і сусветнай літаратуры, як Янка Купала і Якуб Колас. Яго творчая спадчына — істотная частка духоўнай культуры беларускага народа.

Адным з першых паэт ўзбагачаў нацыянальную літаратуру новымі для яе вершаванымі формамі і тэматычнымі накірункамі, перакладаў на беларускую мову творы класікаў сусветнай літаратуры.

Максім Багдановіч быў сярод тых піянераў беларускага нацыянальнага адраджэння, хто спрабаваў паказаць месца і ролю беларускага народа ў гісторыі і часе, сфармуляваць нацыянальную ідэю беларусаў, асэнсаваць шляхі далейшага развіцця беларускай нацыі.

Роля і значэнне Максіма Багдановіча ў развіцці беларускага прыгожага пісьменства, у нацыянальным і духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнена нашчадкамі.

 Творчую спадчыну Максіма Багдановіча вывучае адна з галін беларускай літаратурнай навукі — багдановічазнаўства.

Збор твораў паэта ў двух тамах выходзіў у Мінску ў 1927-1928 гг. і ў 1968 г.  Поўны збор твораў у трох тамах выдадзены ў Мінску ў 1992-1995 гг. Апрача таго, у 1981 г. у Мінску выйшла факсімільнае выданне зборніка «Вянок».

Памяць Максіма Багдановіча ўшанавана ў назве буйной вуліцы Мінска. Вуліцы яго імя ёсць таксама ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце і іншых населеных пунктах. Яго імя нададзена школам і бібліятэкам у многіх гарадах Беларусі.

Аб жыцці і творчасці  Максіма Багдановіча зняты тры кінафільмы і адзін відэафільм. Яго лёсу прысвечаны поп-опера Ігара Паліводы (лібрэта складзена Леанідам Пранчаком) «Максім» і аперэта Юрыя Семянякі на лібрэта Алеся Бачылы «Зорка Венера».

На вершы Максіма Багдановіча запісваліся музычныя творы. Некаторыя з іх сталі народнымі песнямі («Лявоніха», «Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»).

Знакаміты вакальна-інструментальны ансабль «Песняры» неаднойчы звяртаўся да творчасці паэта. Асобна трэба адзначыць праграму «Вянок», поўнасцю складзеную з песень на вершы Максіма Багдановіча, музыку да яе напісалі Уладзімір Мулявін і Ігар Лучанок.

 Працуюць музеі Багдановіча ў Мінску, Гродне, Яраслаўлі (Цэнтр беларускай культуры. Музей Максіма Багдановіча).

Літаратурны-музей-Максіма-Багдановіча-г.-Мінск.
Музей-Максіма-Багдановіча-г.-Гродна.
Дом-музей Максіма Багдановіча (Яраслаўль)

На кніжнай паліцы

Багдановіч, М. Беларускае адраджэнне : літаратурныя артыкулы / Максім Багдановіч; прадмова У. М. Лазоўскага.– Мінск : Універсітэцкае, 1994.– 32 с.

У брашуры змешчаны літаратурныя артыкулы М. Багдановіча «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI стагоддзя» (1911) і «Белорусское возрождение» (1914), якія не страцілі сваёй навуковай вартасці і сёння, калі беларускае народнае адраджэнне сапраўды стала рэальнасцю. Ім папярэднічае прадмова прафесара Белдзяржуніверсітэта У. М. Лазоўскага.Разлічана на шырокае кола чытачоў, усіх, хто цікавіцца гісторыяй беларускага культурнага адраджэння.

Багдановіч, М. Вершы : вершы / Максім Багдановіч; уступны артыкул Ніл Гілевіч; мастак М. Ц. Гуціеў. –Мінск : Народная асвета, 1973. – 224 с. : іл. – (Школьная бібліятэка).

У зборнік уключаны лепшыя творы паэзіі Максіма Багдановіча аб прыгажосці прыроды, жыцці працоўнага народа, яго змаганні за лепшую долю.

Багдановіч, М. Вершы. [Для сярэд. і ст. школ. узросту / Склад. М.А. Казбярук] : Мінск : Юнацтва, 1981. – 127 с., іл. (Школьная бібліятэкака).

У зборнік увайшлі лепшыя творы аднаго з таленавіцейшых беларускіх паэтаў, а таксама ўзоры яго перакладчыцкай работы.

Багдановіч, М. Выбранае / Максім Багдановіч; [укладанне В. Чарняўскай; аўтар уступнага артыкула А. Лойка]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1977.- 189, [1] с. — (Бібліятэка беларускай паэзіі).

Паэзія Максіма Багдановіча вызначаецца высокім грамадзянскім пафасам, глыбокім роздумам аб жыцці і каханні, непасрэднасцю і шчырасцю пачуццяў. У кнізе сабраныя лепшыя творы паэта.

Багдановіч, М. Выбраныя творы / Максім Багдановіч; укладанне Святланы Забродскай [і інш.]; уступныя словы Ніла Гілевіча і Алеся Бяляцкага. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 1996. – 494 с., [4] л. іл.         

У аднатомнік класіка беларускай літаратуры ўвайшлі ўсе найбольш значныя яго творы. Яны даюць добрае ўяўленне пра вельмі прывабны воблік гэтага выдатнага паэта, пра яго незвычайны талент.

Багдановіч, М.  Выбраныя творы : вершы, апавяданні і артыкулы / М. Багдановіч. — Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1952. — 400 с.
Багдановіч, М. Вянок : кніжка выбраных вершаў : факсімільнае выданне / Максім Багдановіч. – Вільня : Друкарня Марціна Куты, 1913.– 117 с.

Вянок на магілу С. А. Полуяна († 8 красавіка 1910 г.)                           

 Вы, хто любіце натрапіць
 Між страніц старых, пажоўклых
 Кнігі, ўжо даўно забытай,
            Блеклы, высахшы лісток, —
            Праглядзіце гэты томік:
            Засушыў я на паперы
            Краскі, сьвежые калісьці,
            Думак шчырых і чуцця.

Багдановіч, М. Вянок : вершы, паэмы / Максім Багдановіч; прадм. В Зуёнка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2005. – 199 с.  : іл. 
Кнігу склалі вершы з першага і адзінага прыжыццёвага зборніка класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча (1891-1917) “Вянок” і Вершы розных гадоў. 
Багдановіч, М. Збор твораў : у двух тамах. Максім Багдановіч; [Рэд. калегія: В.В. Барысенка і інш.] – Мінск : Навука і тэхніка. — 1968.   

Т. 1 : Вершы, паэмы, пераклады / Акадэмія навук БССР, Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы; рэд. В. В. Барысенка [і інш..]. — 1968. — 552 с. : іл.   

Т.2. Проза, літаратурна-крытычныя і публітыстычныя артыкулы, пісьмы. Рэд. тома М.Ц. Лынькоў і Ю.С. Пшыркоў. –  1968. – 576 с., з іл.

Багдановіч М. Зорка Венера. Лірыка кахання / Максім Багдановіч; [укладанне М. Аўрамчыка]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1972.- 189, [1] с. — (Бібліятэка беларускай паэзіі).

Зборнік склалі лепшыя творы беларускіх паэтаў, напісаныя пра самае светлае чалавечае пачуццё – каханне.

Багдановіч М. Зорка Венера : творы / Максім Багдановіч; укладанне і прадмова Анатоля Клышкі.– Мінск : Мастацкая літаратура, 1991.– 462 с. : іл.
У кнігу ўвайшлі выбраныя творы класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча розных гадоў.
Багдановіч, M. Інтымны дзённік : выбраныя творы / Максім Багдановіч; укладальнік Уладзімір Сіўчыкаў; прадмова Рыгора Барадуліна; мастак Арлен Кашкурэвіч. – Мінск : Радыёла-плюс, 2006. – 528 с. : іл.
Багдановіч, М. Краю мой родны! : казкі : для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту / Максім Багдановіч; мастак М. С. Басалыга. – Мінск : Юнацтва, 1999.– 190 с. : іл.        

Вершы класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча вызначаюцца сваёй паэтычнасцю, шчырасцю, глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека. А колькі праніклівасці, народнай мудрасці ў казцы «Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык!»

Багдановіч, М. Маладзік. Лірыка. : Складальнік А. Лойка. – Мінск : Беларусь, 1968. – 292 с.

У збонік увайшлі лепшыя лірычныя творы аднаго з таленавіцейшых беларускіх паэтаў, а таксама ўзоры яго перакладчыцкай работы.

Багдановіч, М. Маладыя гады : выбранае / Максім Багдановіч; укладанне, біяграфічная даведка Э. А. Золавай. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2001. – 335 с. – (Беларуская паэзія XX стагоддзя). 

Творчасць Максіма Багдановіча напоўнена вобразамі-сімваламі роднага краю. Вершы паэта вызначаюцца гармоніяй думкі і пачуцця, тонкай музычнай мілагучнасцю. У кнігу ўвайшлі вершы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды.

Багдановіч, М. Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык : вельмі жаласная гісторыя, выкладзеная згодна з праўдай беларускім вершам / Максім Багдановіч; мастак Генадзь Сянькоўскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 15 с. : іл.        

Паэма «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык» — яскравае сведчанне шматграннага таленту Багдановіча. Да чаго паэт ні дакранаецца, вынікаюць мастацкія перлы, шэдэўры. У гэтым выпадку маем бліскуча апрацаваны сюжэт, які можна лічыць уласным творам паэта, напісаным паводле фальклорных матываў.      

Гэта яскравы ўзор народнай смехавой культуры, дзе, аднак, праяўляецца творчая асоба паэта, ягонае майстэрства індывідуальнай псіхалагізацыі. Да народнай, да фальклорна-родавай эстэтыкі Максім Багдановіч ішоў з вопытам індывідуальнай псіхалагічнай культуры, уменнем у масавым, сумарным, безаблічным бачыць асобу, індывідуальнасць.

Багдановіч, М. Поўны збор твораў : у 3 т. / Максім Багдановіч.– Мінск : Навука і тэхніка, 1992.-

Т. 1. Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды. – 1992. – 752 с., [4] л. іл.

Выданне ўключае ўсе вядомыя вершы, апавяданні, пераклады, літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы, чарнавыя накіды і пісьмы М. Багдановіча.        

Пры падрыхтоўцы выдання складальнікамі праведзена вялікая работа па ўстанаўленні аўтарства паасобных твораў, якія прыпісваюцца М. Багдановічу. Удакладнены даты напісання і крыніцы першай публікацыі твораў, выпраўлены недакладнасці і друкарскія памылкі, значна пашыраны гісторыка-тэксталагічны і рэальны каментарый.        

Да кожнага раздзела падаюцца літаратурна-крытычныя артыкулы, у якіх дэталёва прааналізавана шматгранная спадчына М. Багдановіча.        

Упершыню ў выданне ўключаны «Летапіс жыцця і творчасці» М. Багдановіча.        

У аснову Збору твораў пакладзены жанрава-храналагічны прынцып:        

першы том — вершы, пераклады, чарнавыя накіды і раздзел «Dubia» (вершы, якія прыпісваюцца М. Багдановічу);        

другі том — мастацкая проза, пераклады, літаратурная крытыка і гісторыка-даследчыя працы, а таксама раздзел «Dubia» (проза);        

трэці том — мастацкая публіцыстыка, пісьмы, раздзел «Dubia» і «Летапіс жыцця і творчасці».

Багдановіч, М. Пярсцёнак: выбраныя творы / Максім Багдановіч. — Мінск : Попурри, 2015. — 255 с. — (Мая беларуская кніга).

У кнiгу ўвайшлi найбольш значныя творы беларускага класiка Максiма Багдановiча, якi пры жыццi марыў пра зборнiкi паэзii «Пярсцёнак» ды «Шыпшына». Гэтае выданне ў пэўнай ступенi выконвае яго запавет.

Багдановіч, М. А. Творы / Максім Багдановіч ; укладальнік і каментарыі Ю. В. Пацюпы; навуковы рэдактар А. С. Ліс. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2014. — 670 с.— (Залатая калекцыя беларускай літаратуры ; т. 7).

Сёмы том «Залатой калекцыі беларускай літаратуры» аўтарскі. У яго ўвайшлі амаль усе паэтычныя творы і проза, большасць крытычных артыкулаў, рэцэнзіі, нататкі і публіцыстычныя нарысы М. Багдановіча (1891—1917), а таксама некаторыя ўспаміны пра паэта, раннія спробы спасціжэння паэтыкі «Вянка», якія заклалі падмурак наступных даследаванняў. Частка матэрыялаў друкуецца пасля доўгага забыцця і без купюраў. Публікацыі нанова спраўджаныя з першакрыніцамі, суправаджаюцца падрабязнымі каментарамі, дзе раскрываюцца невядомыя аспекты Багдановічавых твораў. Рускамоўныя тэксты ўпершыню перакладзеныя на беларускую мову. Кніга адрасуецца як шырокаму колу чытачоў, так і спецыялістам-філолагам, выкладчыкам, аспірантам.

Багдановіч, М. Цвяток радзімы васілька… : вершы / Максім Багдановіч; укладальнікі Віктар Ліўземніек i Рыгор Барадулін; уступныя словы Андрыса Веяна і Рыгора Барадуліна ; пераклад на латышскую мову Андрыса Веяна і Віктара Ліўземніека. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1992. – 155с.        

У кніжку «Цвяток радзімы васілька…» ўвайшлі ўзоры лірыкі класіка навейшай беларускай літаратуры Максіма Багдановіча (1891-1917) у арыгінале і ў перакладзе на латышскую мову Андрыса Веяна і Віктара Ліўземніека.        

За гады жыцця паэзіі Максіма Багдановіча выйшла шмат кніг на розных мовах. Гэтая кніжыца чарговая, не апошняя.

Багдановіч, М. Шыпшына : вершы, апавяданні, нарысы, крытыка, публіцыстыка : для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту / Максім Багдановіч; укладальнік С. Панізнік; аўтар уступнага артыкула Н. Гілевіч.– Мінск : Юнацтва, 1991. – 238 с., [1] л. партр. : іл. – (Школьная бібліятэкака).        

У зборніку класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча прадстаўлена лірыка, пераклады з Пушкіна, Гейнэ, Верлена і іншых майстроў мастацкага слова, крытыка, публіцыстыка.        

Апавяданні і нарысы 1907-1916.

Літаратурна-крытычныя і метадычныя матэрыялы
Я хацеў бы спаткацца з Вамі… : літаратурна-публіцыстычныя артыкулы пра Максіма Багдановіча / укладанне Таццяна Шэлягвіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 182 с. : іл.        

У зборнік увайшлі літаратурна-публіцыстычныя артыкулы пра мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча, класіка беларускай літаратуры, а таксама матэрыялы, прысвечаныя асобам, якія ішлі па жыцці поруч з паэтам.        

Артыкулы падрыхтаваны супрацоўнікамі Літаратурнага музея М. Багдановіча і вядомымі даследчыкамі беларускай літаратуры.        

Кніга стане карысным навуковым дапаможнікам для настаўнікаў агульнаадукацыйных школ, метадыстаў, студэнтаў-філолагаў, а таксама для ўсіх,  хто цікавіцца жыццём і творчасцю аднаго з найпрыгажэйшых беларускіх паэтаў.        

Выданне дапоўнена выбранымі вершамі М. Багдановіча, ілюстравана фотаздымкамі з фондаў Літаратурнага музея М. Багдановіча.

Барсток, М. М. Максім Багдановіч у школе : вучэбна-метадычнае выданне /Марыя Барсток. — 3-е выданне, перапрацаванае і дапоўненае — Мінск : Народная асвета, 1991. — 109 с.

Прапануецца глыбокі аналіз творчасці таленавітага беларускага паэта Максіма Багдановіча. Галоўная ўвага надаецца творам, вывучэнне якіх прадугледжваецца школьнай праграмай. Матэрыял дапаможніка можна выкарыстаць на ўроках беларускай літаратуры, на факультатывах і ў пазакласнай рабоце. Адрасуецца настаўнікам.

Бачыла, А. Н. Дарогамі Максіма Багдановіча : для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту / А. Н. Бачыла. – 2-е выд., перапрацаванае і дапоўненае. – Мінск : Народная асвета, 1983.– 104 с.        

У кнізе расказваецца пра жыццёвы шлях выдатнага беларускага паэта. Цікавыя матэрыялы і дакументы дапамагаюць лепш уявіць характар М. Багдановіча, яго рознабаковыя інтарэсы, грамадскую дзейнасць, сямейныя ўзаемаадносіны, жыццёвае асяроддзе.        

Рыхтуючы гэта выданне, аўтар дапоўніў кнігу пяццю новымі раздзеламі, дзе расказваецца пра хросную маці паэта В. Сёмаву, яго бабку Т. Мякота і старэйшага брата Вадзіма, разглядаецца праблема прататыпа вобраза Веранікі з аднайменнай паэмы.         

Кніга адрасуецца вучням і ўсім, хто цікавіцца беларускай літаратурай.

Бярозкін, Р. Чалавек напрадвесні : расказ пра Максіма Багдановіча : для старэйшага школьнага ўзросту / Рыгор Бярозкін; пераклад з рускай Ю. М. Канэ; мастак У. М. Вішнеўскі. – Мінск : Народная асвета, 1986. – 176 с.: іл.        

Гэта кніга – нарыс пра складаны і нялёгкі лёс Максіма Багдановіча, таленавітага беларускага паэта. Аўтар знаёміць чытача з творчым шляхам пісьменніка, прасочвае вытокі яго творчасці, спыняецца на духоўнай эвалюцыі самабытнага таленту, раскрывае сутнасць яго наватарскіх пошукаў у паэтычным майстэрстве.        

Для старэйшага школьнага ўзросту.

Ватацы, Н. Шляхі гісторыка-літаратурныя артыкулы / Ніна Ватацы. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1986.— 175 с., 8 л. іл.

У кнігу старэйшага бібліёграфа рэспублікі і літаратуразнаўцы ўвайшлі матэрыялы, якія расказваюць пра жыццё і творчую спадчыну класіка беларуск ай літаратуры Максіма Багдановіча, а таксама асобныя артыкулы, прысвечаныя культурнаму жыццю Беларусі XIX — пачатку XX стагоддзя.

Зубараў, Л. І. Максім Багдановіч / Леанід Іосіфавіч Зубараў. – Мінск : Універсітэцкае, 1989. – 263 с., [8] л. іл. 

Гэта кніга аб жыццёвым і творчым шляху класіка беларускай літаратуры — Максіма Багдановіча. У ёй выкарастаны вядомыя, а таксама недрукаваныя архіўныя дакументы, якія аднаўляюць старонкі жыцця сямейства Багдановічаў, іх сваяцкія адносіны з Пешкавымі.

Кабановіч, А. К. Паэзія Максіма Багдановіча : дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага / А. К. Кабановіч; рэдактары : Н. С. Перкін, І. Д. Ралько. – Мінск : Навука і тэхніка, 1978. – 136 с.

У манаграфіі даследуецца праблема суадносін рацыянальнага і эмацыянальнага ў паэзіі Максіма Багдановіча, раскрываюцца найбольш характэрныя асаблівасці майстэрства паэта, выяўляюцца асноўныя рысы эвалюцыі беларускай паэзіі ў цэлым на адным з самых складаных і цікавых этапаў яе развіцця. Асаблівае месца займае даследаванне тых элементаў паэтыкі М. Багдановіча, якія традыцыйна ўвайшлі ў практыку сучаснай беларускай паэзіі.         

на літаратуразнаўцаў, выкладчыкаў і студэнтаў філалагічных факультэтаў ВНУ, настаўнікаў сярэдніх школ і ўсіх, хто цікавіцца беларускай паэзіяй.

Каханоўскі, Г. А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю… : з біяграфіі Максіма Багдановіча / Генадзь Каханоўскі; мастак Ю. П. Герасіменка-Жызнеўскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. – 76 с.        

Важная падзея ў жыцці Максіма Багдановіча — паездка ў Беларусь летам 1911 года.

Аўтар на аснове архіўных знаходак – а гэта ўспаміны сучаснікаў, лісты нашаніўцаў і бацькі паэта да знаёмых Максіма – уваскрашае адзін з самых значных, так званых ракуцёўшчынскі, перыяд творчасці паэта. Выданне падрыхтавана да 80-годдзя сустрэчы Максіма Багданавіча з Беларуссю і 100-годдзю з дня яго нараджэння.

Конан, У. М. Святло паэзіі і цені жыцця : лірыка Максіма Багдановіча / Уладзімір Міхайлавіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. – 208 с.        

У кнізе доктара філасофскіх навук Уладзіміра Конана на аснове цэласнага даследавання жыццёвага лёсу, творчасці і светапогляду Максіма Багдановіча ўзнаўляецца непаўторны воблік паэта, вызначаецца месца яго літаратурнай спадчыны ў духоўнай культуры народа. Аўтар раскрывае нялёгкі шлях паэта да розуму і сэрцаў чытачоў, філасофію і эстэтычныя погляды, адзінства агульначалавечага і нацыянальнага ў яго паэтычных сюжэтах, вобразах і сімвалах.

Лойка, А. Максім Багдановіч / Алег Лойка. – Мінск : Навука і тэхніка, 1966.– 334 с.        

Усе, хто асабіста ведаў Максіма Багдановіча, успамінаюць яго як надта прыгожага чалавека: высокага юнака з правільнымі рысамі твару, з хвалістай прычоскай буйных каштанавых валос, з адухоўленымі вачыма, якія то здаваліся цёпла-блакітнымі, то загараліся блакітнымі іскаркамі, дробна рассыпанымі па прамяністай рагаўніцы, і тады ўпадалі ў кары колер, становячыся задуменнымі. І кажуць, што ніводная з дайшоўшых да нас фатаграфій нават і блізка на перадае абаяльнасць гэтага чалавека.        

На шчасце, слова мае тую найвялікшую сілу, што здольна раскрываць людзей ва ўсёй іх глыбіні і нескажона. Спадчыну Максіма Багдановіча – паэта, перакладчыка, публіцыста і гісторыка роднай літаратуры, – усю яе даследуе ў гэтай кнізе аўтар, імкнучыся паказаць, што за чалавек быў Максім Багдановіч – класік беларускай дарэвалюцыйнай літаратуры, паэт-дэмакрат, натхнёны творца шматлікіх цудоўных вершаў і глыбокіх артыкулаў, якія ён нам пакінуў, хоць і пражыў усяго толькі дваццаць пяць год.

 Майхровіч, С. К. Максім Багдановіч : жыццё і творчасць / Сцяпан Казіміравіч Майхровіч. — Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1958. — 202 с. : іл.        

Сярод беларускіх пісьменнікаў ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў Максім Багдановіч займае адно з пачэсных месц. Пісьменнік-дэмакрат, пясняр народнай нядолі, ён у сваіх творах на грамадска-палітычныя тэмы быў палымяным прапаведнікам вызвалення народа з-пад прыгнёту царызма.        

Заўсёды дапытлівы і мэтаімклівы, Максім Багдановіч прайшоў плённы шлях шуканняў. Наватарская дзейнасць паэта, тэарэтыка літаратуры і публіцыстыка, выходзіць далёка за межы свайго часу, з’яўляючыся каштоўным укладам у духоўную скарбніцу беларускага народа.  

Выхаваны на любові і павазе да беларускай народнай творчасці, на лепшых узорах рускай і сусветнай класічнай паэзіі, Максім Багдановіч узбагаціў нацыянальную літаратуру творамі, якімі  па праву ганарыцца беларускі народ…

Максім Багдановіч: вядомы і невядомы : зборнік літаратуразнаўчых і архіўных матэрыялаў / уклад. і камент. Ц.В. Чарнякевіча; прадм. і гласарый Ю.В. Пацюпы. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2011. – 392 с.  

У чарговы зборнік гісторыка-літаратурнай серыі РВУ «Літаратура і Мастацтва» ўключаны даследаванні творчасці Максіма Багдановіча 1910–1940-х гадоў, дзякуючы якім можна прасачыць, як паэзія класіка беларускай літаратуры ўспрымалася на працягу першай паловы ХХ стагоддзя. Акцэнт зроблены на літаратуразнаўчыя працы, што не перавыдаваліся з часоў першапублікацыі. З архіўных матэрыялаў асобнае месца займае першая кандыдацкая дысертацыя па творчасці беларускага паэта, абароненая Р. Жалязняком у Ленінградзе ў 1940 г. У асобным раздзеле змяшчаюцца таксама малавядомыя матэрыялы перапіскі родных і сяброў Максіма Багдановіча, з якіх асоба песняра паўстае ў новым і часта нечаканым святле. Выданне разлічана на літаратуразнаўцаў, выкладчыкаў ВНУ, настаўнікаў-славеснікаў, архівістаў, студэнтаў-філолагаў і шырокае кола аматараў творчасці Максіма Багдановіча.

 Максім Багдановіч. Пясняр чыстае красы: успаміны, артыкулы, прысвячэнні / [укладанне Т. Шэляговіч]. –  Мінск : Мастацкая літаратура, 2011.–  349, [1] с., іл. –  (Жыццё знакамітых людзей Беларусі).

У кнігу ўвайшлі ўспаміны і артыкулы пра генія беларускай зямлі Максіма Багдановіча, які здолеў здзейсніць свой найвялікшы творчы подзвіг – стаць адной з першых зорак на небасхіле нацыянальнай паэзіі, аказацца ў цэнтры літаратурна–грамадскага руху Беларусі пачатку XX стагоддзя, застацца лепшым крытыкам і гісторыкам роднай літаратуры, яе класікам, перакладчыкам і празаікам.

Максім Багдановіч : энцыклапедыя / складальнікі І. У. Саламевіч, М. В. Трус ; рэдкалегія : Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — 608 с. : іл.

«Максім Багдановіч» — персанальная энцыклапедыя, якая асвятляе жыццё і творчасць класіка беларускай літаратуры. У ёй змешчаны артыкулы, прысвечаныя лірычным творам паэта, перакладам, крытыцы, публіцыстыцы, паасобным жанрам, вобразам, артыкулы пра яго эстэтычныя погляды, сувязі з фальклорам і літаратурамі замежных краін, пра ўвасабленне багдановічаўскай тэмы ў выяўленчым мастацтве, музыцы, тэатры, кіно.Кніга разлічана на супрацоўнікаў музеяў, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў, краязнаўцаў, усіх, хто цікавіцца нацыянальнай культурнай спадчынай беларускага народа.

Навуменка, І. Я. Максім Багдановіч / Іван Якаўлевіч Навуменка. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – 141 с.        

У кнізе ў значнай меры па-новаму, з прыцягненнем новых крыніц, фактаў, матэрыялаў разглядаецца творчасць выдатнага беларускага паэта ў яе сувязях з літаратурнымі плынямі пачатку ХХ стагоддзя – сімвалізмам і асабліва імпрэсіянізмам. Значная ўвага надаецца ўздзеянню на паэзію М. Багдановіча класічнай рускай паэзіі, традыцый беларускай паэзіі, фальклору і міфалогіі. М. Багдановіч прадстаўлены як перакладчык, крытык і публіцыст. 

Разлічана на шырокае кола чытачоў.

Навумовіч. У. А. Вабюліманс : эпісталярны раман / Уладзімір Навумовіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2019. — 271 с.        

“Вабюліманс” — гэта раман пра каханне Максіма Багдановіча. Увогуле эпісталярны раман адносіцца да амаль забытых у эпоху электронных сродкаў камунікацыі такіх форм узаемаадносін паміж людзьмі, як асабістая перапіска. З перапіскі паэта захавалася вельмі мала дакументаў, таму абсалютная большасць пісьмаў, змешчаных у кнізе, — аўтарскі вымысел. У гэтых пісьмах Максім Багдановіч выступае пад рознымі псеўданімамі, як, дарэчы, і тыя жанчыны, якіх ён так шчыра кахаў. Кніга будзе цікавай для сапраўдных аматараў творчасці Максіма Багдановіча — зоркі першай велічыні на небасхіле беларускага прыгожага пісьменства.

Стральцоў, М. Загадка Багдановіча / Міхась Стральцоў; мастак Б. Забораў. – Мінск : Беларусь, 1969. – 120 с.

У гэтай кнізе Міхась Стральцоў вядзе гаворку пра Максіма Багдановіча, даследуе яго паэтычную, крытычную, асветніцкую дзейнасць.

У бязмежную даль : кніга пра Максіма Багдановіча : зборнік : для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту / укладальнік і аўтар прадмовы С. С. Панізнік. – Мінск : Асар, 1996. – 432 с. : іл. – (Школьная бібліятэка).

 У гэтай кнізе, акрамя падборкі твораў самога класіка, упершыню чытачу прапануецца анталогія літаратурных тэкстаў — паэтычныя творы, эсэ, літаратуразнаўчыя і літаратурна-крытычныя нарысы, успаміны, выказванні, аўтары якіх натхняліся творчасцю Максіма Багдановіча. Адрасуецца школьнікам, настаўнікам, студэнтам, усім прыхільнікам Багдановіча.

Шлях паэта : зборнік успамінаў і біяграфічных матэрыялаў пра Максіма Багдановіча / складальнік Н. Б. Ватацы. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1975. — 315 с.

У зборнік увашлі ўспаміны сучаснікаў М. Багдановіча: яго бацькі, стрыечнай сястры Г. Валасовіч–Гразновай, сяброў па гімназіі – Ц. Годнева, Д. Дзябольскага, тых, хто яго ведаў па літаратурнай і грамадскай працы – Зм. Бядулі, грамадскай дзеячкі З. Верас, малавядомага пісьменніка Л. Зайца і інш.Тут жа змешчаны пісьмы самога М. Багдановіча, перапіска бацькі аб творчай спадчыне Максіма, лісты яго брата Паўла Адамавіча, у якіх ёсць звесткі пра Максіма. І, нарэшце, у зборніку друкуюцца найбольш цікавыя біяграфічныя матэрыялы апошняга часу, напісаныя на падставе новых архіўных матэрыялаў.